Apr 26, 2017

Пра правы

Idée fixe крыштальнасасудных аўтамабілістаў — каб раварысты здавалі на правы, калі прэтэндуюць на ўзаемапавагу, а тым больш праезную частку.

І тут раптам аказалася, што ў Латвіі здаюць. Краіна мары!

Толькі ня згадваецца, што іспыт бясплатны, дакумэнт бясплатны, ну і можна прарэпэтаваць іспыт онлайн.

Што ж, не адкрываючы латвійскіх правілаў: «Вы правильно ответили на 8 из 10 вопросов и сдавали экзамен 2 минуты и 21 секунду и Экзамен вы сдали».

Я гатовы спраўдзіць латвійскую мару беларускіх аўтамабілістаў і атрымаць роварныя правы на латвійскіх умовах з латвійскімі правамі раварыстаў. Тры хвіліны мне не шкада. Куды падʼехаць?

Sep 13, 2016

Адзін сродак масавай інфармацыі, які гадамі працуе на разьдзіманьне канфлікту «раварыст — „нармальныя людзі“», нібыта нават зьдзівіўся сёньняшняму прысуду. А як што ўсе жывуць у хуткаплынным інфармацыйным полі, то ўжо мала хто памятае, што ўсяго зь дзясятак гадоў таму такога канфлікту па вялікім рахунку не было. Раварысты езьдзілі па МКАДзе ды М1, перасякалі праспэкты, разганяліся з горкі да цырку, абганялі тралейбусы, ехалі з 2-й паласы наперад, калі першая была толькі направа. Аўтамабілісты яшчэ памяталі радок з правілаў «зьяўляецца паўнавартасным удзельнікам дарожнага руху» і ставіліся да раварыста адпаведна: хай не паважліва, але ўважліва. А потым у адным асобна ўзятым сасудзе вырашылі ўважлівасьць замяніць дыскрымінацыяй — і я б сказаў, ня столькі раварыстаў, колькі пешаходаў з разьлікам на тое, што паддосьледныя разьбірацца ня стануць і ўключаць рэжым «павукі ў слоіку». Не памыліліся.

Jun 28, 2016

10 гадоў забароны руху па праезнай частцы

Часам здаецца, што яшчэ крыху — і мяне будуць у школы запрашаць, каб я расказваў небыліцы пра тое, як нібыта езьдзіў па горадзе па праезнай частцы і дарогаю з Малінаўкі да Залатой Горкі абганяў сама меней чатыры тралейбусы. Не таму, што такі вялікі гоншчык, а бо сярэдняя хуткасьць тралейбусаў у Менску 16, а ў маладога нежанатага раварыста >18, — простая задачка па матэматыцы, праўда, дзеці?

І па праезнай частцы езьдзіў не таму, што такі ўжо салавей-разбойнік, а проста правілы такія былі. Даўным даўно, дзеці. Да пачатку сьвету.

Да 2006 году.

Калі на восьмы дзень ад стварэньня сьвету роварам сказалі езьдзіць па ходніках, я паспрабаваў напісаць пешаходам дапаможнік па выжываньні. Мне было відавочна, што ім будзе цяжэй за ўсё, але таксама было ясна, што (глядзі апошні абзац).

Прайшло 10 гадоў. У чыноўнікаў, якія апошні раз бачылі ровар у мультфільме з катом Леапольдам, было дастаткова часу, каб давесьці тэарэтычна ідыёцкую сытуацыю да практычнага абсурду і агрэсіі.

Яны ніколі ня будуць хадзіць у спальным раёне па ходніку ў два мэтры ўшыркі, палова якога адмаляваная на бытта «велапаласу». Таму яны не пабачаць, што з такой размалёўкай побач з мамай ужо ня зьмесьціцца тата, а дзіцё лепш трымаць на кароткім павадку або ў чамадане. А ўявіць — уяўленьня службовыя абавязкі не патрабуюць.

Ты ж бачыў фотку таўстуна зь бітай? Але глядзі не на таўстуна, а на ходнік і «веладарожку». Гэта спальнік. Найбуйнейшы, з нуля пабудаваны спальнік краіны. І ў гэтым чалавешніку — пешаходная дарожка дваім разысьціся, а два ровары ўжо не разьедуцца.


І гэта нават ня самае канфліктнае месца. Бліжэй да «Спартовай» пачнуцца зыгзагі ды ўслоны. Бліжэй да Кунцаўшчыны — броўнаўскі рух на прыпынку. А каля Каменнай Горкі ўвогуле ўсё абарвецца.


Чыноўнікі, якіх мы не выбіраем, зрабілі ўсё, каб звычайны камʼютынґ кожны дзень ператвараўся ў прыватную антыраварыстычную (-пешаходную, -аўтамабілістычную) апэрацыю. Не наўмысьля, зразумела, а проста таму, што прафнепрыдатныя.

А цяпер хатняе заданьне, дзеці. Прафнепрыдатныя — гэта (увага, новы панятак!) эўфэмізм. Прачытайце дома пра эўфэмізм і знайдзіце неэўфэміністычныя адпаведнікі. Запісваць у сшыткі ня трэба. Сустрэнемся на велапалосах.

Jun 9, 2016

MOMO

Бессэнсоўнасьць колаўторквалак можа набываць самыя гламурныя формы

Jun 1, 2016

Пасьля таго як я купіў смартфон, даведаўся багата новага.

Сёньня ён мне паведаміў, што я прыехаў на працу зь сярэдняй 25, што адпавядае сярэдняй хуткасьці аўтамабіляў у сталіцы нашай радзімы (крыху сьпяшаўся, не адмаўляю). А сярэдняя на велабане, кажа мне гэтая пляскатая штуковіна (калі нібыта і не сьпяшаюся), — 28.

То бо калі б у мяне ад хаты да працы была нармальная веладарожка, то я б прыяжджаў хутчэй за машыны.

Таму ў Менску трэба ўдарнымі тэмпамі будаваць новыя разьвязкі і падземныя пераходы, каб раварысты чым даўжэй іх абʼяжджалі. Неяк так:

Выява — http://labs.strava.com/heatmap/