Dec 29, 2007

Ровар пад ялінкай

Што падарыць на Новы год? Важна зрабіць арыгінальны падарунак, каб ён застаўся ў памяці на доўгія гады.

На сёньня склаўся пэўны «падарункавы» стэрэатып: жанчыне — духі, упрыгожаньні й кветкі, мужчыну — шкарпэткі й швэдар, дзецям — марозіва.

Але ёсьць цудоўная альтэрнатыва. Гэты падарунак — незвычайны, прыгожы, ён падыме настрой. Гэты падарунак — РОВАР!

Ровар — найлепшы й самы актуальны падарунак для дзіцяці на вясну і лета. Дзеці мараць пра яго з самых раньніх гадоў і, калі вырастаюць, часта не мяняюць свайго жаданьня мець уласны ровар.

Вашая дзяўчына будзе ў захапленьні, калі замест прозы жыцьця (парфума, патэльня) вы паднесяце ёй зырка‑жоўты альбо вагніста‑чырвоны бліскучы ровар. Яна будзе лічыць вас арыгінальным і ўважлівым.


humanzoom.com


Мужчыны будуць прыемна зьдзіўленыя, калі атрымаюць нарэшце‑ткі мужчынскі падарунак. Яны ж ужо падрыхтаваліся разьбіраць сьвяточны пакунак з камплектам ніжняй бялізны. Дорачы свайму каханаму ровар, вы падкрэсьліваеце ягоную мужнасьць, індывідуальнасьць, спартовасьць.

Мяркуеце, бацькам лепш за ўсё падарыць цёплую кофту альбо мяккія тапачкі? Гэтыя рэчы лепш купіць іншым разам. А ў Новы год будзьце чараўніком і падарыце бацькам прадмет раскошы. Ім можа аказацца трохколавы ровар для дарослых — выдатны сродак перасоўваньня на лецішчы.

Сьлед павіншаваць і сваіх супрацоўнікаў. Атрымаць у падарунак ровар — даволі нечакана. Гэта дадасьць цеплыні вашым справавым стасункам, і вельмі верагодна, паспрыяе кар’ернаму росту.

Ровар — ня толькі арыгінальны падарунак, але і карысны. Згодна з высновамі навукоўцаў, падчас катаньня на ровары трэніруеццца агульная выносьлівасьць арганізму, трэніруюцца й умацоўваюцца сэрца і сасуды, паляпшаецца крываток у ворганах малога тазу, трэніруецца вэстыбулярны апарат, павышаецца здольнасьць арганізму супраціўляцца інфэкцыям (імунітэт). Статыстыка сьведчыць, тыя, хто рэгулярна праводзяць вольны час на ровары, на 70% меней хварэюць зімой грыпам і прастудай.

Апроч аздараўленчых уласьцівасьцяў, ровар валодае ўнікальнай якасьцю. Паездка на ім дае чароўны эфэкт: самыя хмурныя людзі нават пасьля адной паездкі на ровары пачынаюць жартаваць і сьмяяцца. Ровар здымае стрэс і павышае настрой.

Калі ў атрымальніка падарунка ўжо ёсьць ровар, дарэчы будзе падараваць яму які‑небудзь роварны цапстрык. Напрыклад, велакампутар. Гэты прыстасовак вымярае хуткасьць руху, агульную працягласьць трасы, мае гадзіньнік і мноства іншых карысных функцый. Парадуе любога раварыста якасная помпа, набор шасьціграньнікаў, бутэлечка з флягатрымальнікам, велаторба або велазаплечнік, добрая фара або ліхтар, роварны шлем.

І вось, вы вырашылі падарыць ровар. Не забудзьцеся расфарбаваць вашага «жалезнага каня» — абвяжыце яго яркімі стужачкамі альбо балёнікамі, прышпіліце на ручку руля віншавальную паштоўку.

Нясумных сьвятаў!

Паводле velodrive.ru

Dec 23, 2007

Сьвятыя Мікалаі прамянялі сані на ровары


Фота Sebi_o, wSzczecinie.pl
У польскім Слупску  15‑га і 22‑га студзеня Сьвятыя Мікалаі на роварах сабраліся ў цэнтры гораду й паехалі катацца па вакольных вуліцах на радасьць дзеткам.

Мікалаі гэтак хацелі паспрыяць таму, каб у новым годзе слупскім раварыстам жылося крыху лепей, бо акурат у гэты час у мясцовай радзе абмяркоўваецца праект разьвіцьця роварнай інфраструктуры ў гэтым прыморскім мястэчку.

Гэтай суботай Сьвятыя Мікалаі выехалі таксама на вулкі Шчэціна  . Там яны ўзялі ўдзел у самай яскравай у годзе крытычнай масе.

Масква: на ровары да мэтро

У цэнтры расейскай сталіцы налета маюць зьявіцца роварныя стаянкі, найперш каля станцый мэтро. Ініцыятыву жыхароў цэнтральнай акругі ўхвалілі ў прэфэктуры. Таксама чыноўнікі абяцаюць зрабіць дарогі зручнымі для мам з вазкамі ды інвалідаў.

Афіцыйных зьвестак пра тое, колькі ў Маскве раварыстаў, не існуе, дарожная міліцыя такой статыстыкі не вядзе. Паводле інфармацыі руху «Расея без машын», іх у сталіцы каля 3 мільёнаў, ды й паводле зьвестак спартовых крам, попыт на ровары расьце ўвесь час.

Тыя, хто ўжо аддаў перавагу ровару перад аўтамабілем, цьвердзяць, што сярэдняя хуткасьць перамяшчэньня па расейскай сталіцы на ровары ў гадзіны «пік» значна вышэйшая. Але, што праўда, у Маскве для ўсеагульнай раварызацыі не стае ня толькі стаянак, але й элемэнтарных роварных дарожак.

Апроч таго, улады паабяцалі ўлічыць прапановы па абсталяваньні зьездаў з бардзюраў — для мам з вазкамі, інвалідаў, раварыстаў і інш.

Паводле РИА Новости

Dec 21, 2007

Раварыстам ня месца на ходніках

Міністэрства транспарту Ізраілю неўзабаве апублікуе пастанову пра стварэньне спэцыяльных пасаў для раварыстаў на шашы. Сёньня месца для роварных дарожак адводзіцца на ходніку.
«Каб заахвочваць карыстаньне роварамі замест аўтамабіляў, траса для раварыстаў мусіць пракладацца за кошт машын, а не за кошт пешаходаў», — мяркуе супрацоўніца ізраільскай арганізацыі па ахове навакольнага асяродзьдзя.
Пры плянаваньні новых трас мяркуецца адводзіць спэцыяльныя пасы для ровараў і грамадзкага транспарту, а таксама стаянкі для ровараў. Прыхільнікі ініцыятывы лічаць, што перанос роварнай дарожкі на праезную частку і зьяўленьне ў выніку мноства раварыстаў на трасах прымусіць кіроўцаў аўтамабіляў ехаць асьцярожней.

У буйных эўрапейскіх гарадах даўно практыкуецца стварэньне асобных пасаў на трасе альбо спэцыяльных дарожак для раварыстаў.

Паводле NEWSru.co.il

Dec 20, 2007

Расейскія паштары перасядуць на трыцыклы

Пошта Расеі мае намер абкатаць першыя 90 ровараў у Краснадарскім краі . Калі экспэрымэнт удасца, яшчэ 20.000 ровараў адправяцца ў іншыя рэгіёны Расеі.

Пошта выбрала тры мадэлі службовых ровараў. Першая мадэль — гарадзкі ровар — мае пяць хуткасьцяў і пярэдні багажны кошык з колавай падстаўкай. Другая мадэль — больш устойлівы трохколавы ровар — прызначаны для паштароў старэйшага веку, якім складана езьдзіць на двухколавым ровары. Трэцяя мадэль — троххуткасны ровар для сельскай мясцовасьці.

Акрамя таго, што ровар відавочна паскорыць працу паштароў, расейскія паштовыя чыноўнікі чамусьці лічаць, што біцыклы і трыцыклы змогуць засьцерагчы паштароў ад валацужных сабак. Зрэшты, на выпадак, калі гэтыя чаканьні ня спраўдзяцца, у паштароў будуць з сабой пісталеты.

Dec 19, 2007

Права на зімовую дарогу

Кракаўскія раварысты наракаюць на гарадзкія ўлады, якія ня дбаюць пра камфорт роварнага руху зімой.
— Штогод сьнегам засыпаюцца скрыжаваньні веласьцежак з дарогамі. Ніхто яго не прыбірае, мала таго — у мацнейшыя ападкі роварныя сьцежкі выкарыстоўваюцца ў якасьці месца для звальваньня сьнегу.
У выніку раварысты змушаныя рызыкаваць і выяжджаць на паласу руху машын, альбо круціцца між мінакамі па ходніках.

Да таго ж, на засыпаных роварных сьцежках без згрызотаў паркуюцца аўтамабілі.

«Газэта выборча» запыталася ў прэс‑сакратара камунальнай управы Кракава, чаму чыноўнікі забываюцца пра роварныя сьцежкі.
— Мы не забываемся, — адказаў сакратар, але прызнаў, што ў першую чаргу прыбіраюцца ад сьнегу транспартныя шляхі, у прыватнасьці тыя, па якіх рухаюцца аўтобусы й трамваі.
Да таго ж, у гарадзкой управы надта мала спэцыяльных шуфляў для ачысткі ходнікаў і роварных сьцежак.
— Няма сумневаў, што раней ці пазьней праблема павінна быць вырашаная, бо дыскрымінуюцца раварысты, якія маюць такое самае права карыстацца дарогай зімой, як і кіроўцы. Перадамо працаўнікам, адказным за чыстку вуліц, каб, зграбаючы сьнег, яны не засыпалі фрагмэнты праезнай часткі каля бардзюраў, дзе праходзяць роварныя трасы, — паабяцаў «Газэце выборчай» прэсавы сакратар.



У беларускіх раварыстаў такіх праблем няма, бо папросту няма роварных сьцежак.

Да таго ж, згодна зь дзяржстандартам, роварныя сьцежкі і так уваходзяць у чацьвёртую, апошнюю чаргу ачысткі, што наўзвочна дэманструе ў сьнежныя зімы веладарожка ў Раўбічы, усьнежаная і зьледзянелая аж пакуль само не растане.

Але й бязь сьцежак менскаму раварысту няпроста выбраць бясьпечную паверхню для руху: да краёў дарог зьмятаецца сьнег, сьмецьце й гразь, а ў адлігі дворнікі й спэцыяльныя трактары скідаюць слату з ходнікаў і ад бардзюраў акурат на законны раварысцкі мэтар ад краю дарогі.

Ня дужа лепшая сытуацыя на ходніках. Яны ў жахлівым стане круглы год, і ўзімку яміны й выбоіны нікуды не зьнікаюць. Але дадаюцца й сэзонныя праблемы: сьнег ачышчаецца ў другую чаргу, лёд паліруецца шчоткамі трактароў, а дворнікі не сьпяшаюцца зь пяском. Нарэшце, існуюць «мёртвыя зоны» — нічыйныя ўчасткі ходнікаў, якія зімой не прыбіраюцца ў прынцыпе.

Ну й пешаходы ды пасажыры на прыпынках, якія й так не гатовыя да зьяўленьня раварыста на ходніку, а тым больш узімку.

Яраслаў Паповіч пра пасьвячэньне маладых гоншчыкаў у прафэсіяналы

…У гасьцініцы трох хлапцоў зьвязалі, шчэ й завязаўшы вочы. Мы пайшлі ўсе ў бар, яны мусілі былі туды дайсьці сьледам за намі — зь зьвязанымі нагамі й завязанымі вычыма. З усімі вынікоўнымі адсюль пасьледкамі. За 200 мэтраў да бару мы іх пакінулі і сказалі ісьці на гукі музыкі. На сталах новапаўсталых прафэсіяналаў чакала па літры віна на брата — менавіта такую дозу яны мусілі былі адужаць. Затым пачаліся гульні, як у войску. Апісваць ня буду — было дужа жорстка. У бэльгійскіх камандах свае замарочкі.


Болей — на блоґу Яраслава Паповіча

Dec 18, 2007

У 2008 годзе ў Львове зьявіцца першая веладарожка

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў начальнік аддзелу маркетынгу й культурнай індустрыі Львоўскай гарадзкой рады Багдан Шуміловіч.
«Налета ўжо павінна быць веладарожка на вуліцы Стуса, якая ўжо запраектаваная, і ёсьць сродкі на рэканструкцыю. Стандарты шырыні веладарожак ва Ўкраіне — 4 мэтры, якія не адпавядаюць эўрапейскім стандартам. Цяпер у Львове няма ніводнай веладарожкі. Мы таксама прадугледжваем стварыць порты, дзе можна ўзяць на пракат ровар і праехаць да наступнага пракатнага пункта, што асабліва выгодна турыстам. На адну такую дарожку патрэбныя сродкі — каля 5 мільёнаў грыўнаў (каля 1 млн. даляраў — БелаВела)», — паведаміў Шуміловіч.

Львоў вырашыў распрацаваць мэтавую праграму па стварэньні інфраструктуры для роварнага транспарту. Мэр Львову Андрэй Садовы стварыў працоўную групу для распрацоўкі праграмы. У межах праграмы ў Львове будуць створаныя парковачныя зоны для ровараў, веларазьметка, роварныя сьцежкі, а таксама турыстычныя маршруты для раварыстаў. Апроч таго, Львоў вырашыў правесьці інфармацыйную кампанію з мэтай папулярызацыі роварнага транспарту сярод львавянаў, а таксама для выхаваньня ў кіроўцаў аўтатранспарту паважлівага стаўленьня да роварыстаў.

Паводле Obozrevatel.com

Dec 17, 2007

Велабюджэты польскіх гарадоў

Варшава, Кракаў і Гданьск разам выдаткуюць на свае веладарожкі меней, чым Менск — на адну 27-кілямэтровую трасу.

У бюджэтах буйных польскіх гарадоў: Варшавы, Кракава, Гданьску — асобным радком ідуць выдаткі на разьвіцьцё велаінфраструктуры.

Гэтак, у 2008 годзе Варшава вылучыць на роварныя сьцежкі каля 4‑х мільёнаў злотых (гэта недзе 1,6 мільёнаў даляраў).

Гданьск , як і штогод, вылучыць больш за 10 мільёнаў злотых (больш за $ 4 млн.). На сёньня Гданьск — лідэр сярод польскіх гарадоў па працягласьці веладарог — 85 км. Прычым, звыклыя асфальтавыя веладарожкі займаюць усяго 11 км, а рэшта — ўдвая даражэйшыя велатрасы з адмысловым пакрыцьцём, паркінгамі ды іншай інфраструктурай.

Кракаўскі ўрад інвэстуе ў раварызм параўнальна малую суму — 130 тысяч злотых (каля $ 52 тысяч даляраў), чым ужо выклікаў нараканьні з боку кракаўскіх раварыстаў і мясцовых СМІ. На сытуацыю адрэагавалі мясцовыя дэпутаты, якія прынялі папраўку да бюджэту, вылучыўшы на разьвіцьцё роварнай інфраструктуры яшчэ 2 мільёны злотых. У выніку роварны кавалак кракаўскага бюджэту вырас да $ 860 тысяч.

У Варшаве жыве каля 1,7 мільёна жыхароў, у Кракаве — каля 760 тысяч, у Гданьску — каля 500 тысяч жыхароў.

У Менску жыве пад 1,8 мільёна чалавек, а сталічны бюджэт сёлета складаў каля $1,5 мільярдаў, што ўдвая менш за варшаўскі.

У плянах налета агучаны адзін, але дарагі праект: пабудова веладарожкі ўздоўж Сьвіслачы даўжынёй каля 27 км і коштам каля $10 мільёнаў.

Беларускі праект ня мае аналягаў сярод польскіх гарадоў. Найперш — па коштах. Напрыклад, у Кракаве мяркуецца будаваць кілямэтар веладарожкі за 35‑50 тысяч даляраў. Кілямэтар беларускай веладарожкі ўздоўж Сьвіслачы мае абысьціся ўдзесяцёра даражэй — каля $370 тысяч.

Фактычная інфармацыя — gazeta.pl

Dec 16, 2007

Менскія роварні

Мапа з сакрэтнымі аб'ектамі, дзе можна купіць і адрамантаваць ровар, прыдбаць запчасткі і вопратку.

Летняя рэдакцыя.

Зімой некаторыя крамы пераключаюцца на лыжы і сьнежныя дошкі, але й там можна часам адшукаць цікавыя роварныя цапстрыкі зь мінулага сэзону.



Разгарнуць на ўвесь экран.

Роварныя маршруты для пачаткоўцаў

Мапа адносна безмашынных шляхоў па Менску для раварыстаў-пачаткоўцаў і для ўсіх, хто хоча даехаць з пункту А ў пункт Б зь меншым стрэсам.
Некаторыя шляхі разьлічаныя на сухую паравіну году. Зрэшты, цяпер даволі такі суха =)



View Larger Map


Мапа ў стадыі дапрацоўкі, якой не відаць канца.
Таксама ахвотныя падзяліцца таямніцамі сваіх безмашынных пуцявінаў, могуць далучацца да крэсьленьня.

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках




Разгарнуць Менскія веладарожкі на ўвесь экран.

дык вось


плюсы:
  • у Менску нарэшце пачалі зьяўляцца веладарожкі;
  • павышаецца бясьпека руху для раварыстаў і пешаходаў дзякуючы падзяленьню ходнікаў на асобныя зоны;
  • палякі таксама пачыналі з простага маляваньня палос на ходніках;
  • гэты жэст гарадзкой управы можна толькі вітаць і спадзявацца, што наступныя дарожкі будуць канструявацца з улікам рэальных патрэб велакарыстальнікаў і з выкарыстаньнем сусьветнага досьведу.


мінусы:
  • дарожкі робяцца бессыстэмна;
  • не абсталёўваюцца зьезды;
  • дарожкі займаюць кароткія ўчасткі;
  • праблемныя моманты, якія вымагаюць дадатковай працы ці прыняцьця рашэньняў нават мінімальнай складанасьці, ігнаруюцца;
  • некаторымі дарожкамі карыстацца складана, нязручна і нават небясьпечна;
  • дарожкі робяцца на існых ходніках нават там, дзе ёсьць магчымасьць абсталяваньня асобнай паласы;
  • асфальт кладзецца няроўна;
  • інфраструктура веладарожак мае багатую гісторыю разьвіцьця ў іншых эўрапейскіх краінах, якая, на жаль, ніяк ня ўлічваецца менскімі праектавальнікамі і стваральнікамі веладарожак;
  • сярод новых дарожак няма ніводнай, якая б “закрывала” які-небудзь закончаны маршрут, напрыклад, “мікрараён — цэнтар”, “мікрараён — гандлёвы цэнтар”, “мікрараён — зона адпачынку”;
  • дарожкі ў сёньняшнім выглядзе зьяўляюцца хутчэй сродкам сагнаць раварыстаў з праезнай часткі, чым палепшыць ім умовы руху, што не спрыяе разьвіцьцю роварнага транспарту, безь якога немагчыма ўявіць сучасную эўрапейскую сталіцу


замест вэрдыкту

148. Рух на ровары мусіць ажыцьцяўляцца па роварнай дарожцы, а пры ейнай адсутнасьці — па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы, без чыненьня перашкод для бясьпечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасьці згаданых элемэнтаў дарогі ці немагчымасьці руху па іх дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 мэтар ад яе правага краю. (Правілы дарожнага руху, артыкул 148)









***

bonus-track: Веладарожка Шалавічы-тупік на Вілейшчыне by alex_radko
Веладарожка ў Лагойску

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка восьмая. Канвэерная

Сёньняшняя інспэкцыя веладарожак складалася з вострых уражаньняў.
Асабліва востра было на Купрэвіча.

Гвалтуючы ровар на чарговым нагрувашчваньні размаляванага асфальту, я згадаў анэкдот пра савецкую «летающую жужжалку для попадания в ухо», якая адметная тым, што «жужжит, летает, в ухо не попадает». Вось менскія веладарожкі акурат такія. Веласіпедныя, асфальтаваныя, для язды непрыгодныя.

Але калі «лятаюшчыя жужжалкі» ўсё-такі анэкдот, бо за сыстэматычны брак на заводах усё ж не даюць прэмій, караюць, звальняюць, то сыстэматычна бракаваныя, непрыгодныя для карыстаньня веладарожкі — гэта рэальнасьць, каб яе. Прычым, калі ў мяне будзе каляровы тэлевізар, які не паказвае, я яго ня буду глядзець, бо ў гэтым няма сэнсу а па веласіпедных дарожках, езьдзіць па якіх няма сэнсу, я, згодна з правіламі, езьдзіць абавязаны, хоць, у адрозьненьне ад недатэлевізара недадарожкі нясуць непасрэдную пагрозу майму часу, камфорту, здароўю і ровару, які каштуе як два тэлевізары.

Беларускі раварыст, які будзе езьдзіць па дарожцы, хутка набудзе «комплекс тралейбуса». Яму трэба разганяцца ад бардзюраў і рэзка тармазіць аж да 5 км/г перад бардзрюрамі. Кожныя 50 м такой гайданкі, і мы будзем мець хворага чалавека.

Сёньняшняя паездка пераканала мяне, што веладарожкі «made in Belarus» значна большае зло, чым іх адсутнасьць.
Дзіўны талент у нашых улад нават добрыя ідэі ператвараць у рэпрэсіўны сродак.

А здавалася, так проста: дадаць тры рэчы: сыстэмнасьць, роўнае пакрыцьцё, безбар'ернасьць.

Абсалютныя лідэры «кончанасьці» — веладарожкі на Шугаева і асабліва на Купрэвіча. Я не ўяўляю здаровага чалавека ў цьвярозым стане, які б ехаў па гэтых веладурошках. Гэтае пэцканьне фарбай проста зьдзек улады з сваіх падаткаплатнікаў.
Гэта проста выстаўленьне краіны на пасьмешышча. Турысты-раварысты будуць доўга рагатаць з гэтай беларускай дарожнай творчасьці.
Гэта проста марнатраўства грошай на заведама няякасны, непрыдатны для карыстаньня прадукт.

Гэтыя веладарожкі робяцца ўладамі для сябе, для справаздачнасьці, для сьпіхваньня раварыстаў з нармальнай дарогі, і ніякім бокам не для нас, не для тых, хто карыстаецца бясьпечным, экалягічным, здаровым, самым гарадзкім транспартам.

Няўжо гарадзкія начальнікі не разумеюць, што гэтыя псэўдадарожкі, выстаўленая напаказ, растыражаваная халтура застануцца зь імі назаўжды. Пасьля эпоху Паўлава будуць успамінаць па «ржачных», бездапаможных, недарэчных веладарожках.

Фоткі:





Паглядзець веладарожкі на мапе:

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка cёмая. Настальгічная.

Пасьля знаёмства зь менскімі веладарожкамі ў тое, што напісана ніжэй, можна не паверыць, калі не пабачыць на ўласныя вочы.





Даўжэзная, пад 15 кілямэтраў, з добрым асфальтам, маляўнічая, з адмысловымі тунэлямі пад дарожнымі разьвязкамі веладарожка знаходзіцца адразу за Менскам — уздоўж Лагойскай шашы. І гэта ня сон.

Узорна-паказальная да неверагоднасьці, яна будавалася напярэдадні алімпіяды'80, а значыць ня толькі, а мо і ня столькі для беларусаў, колькі для прэстыжу і добрай карцінкі з вокнаў членавозаў і турыстычных аўтобусаў. Можна толькі пашкадаваць, што алімпіяда тая была толькі адзін раз.

Пасьля менскіх недадарожак, гэтая, савецкая, можа падацца падарункам нябёсаў: ні табе бардзюраў, ні табе нагрувашчваньняў застылага асфальту, і самае неверагоднае: яна мае лягічны пачатак і канец, яна, адзіная ў Менску, мае пункт прызначэньня, канкрэтны маршрут: Менск — Раўбічы.

Некалькі гадоў таму, праўда, яна была ў паўпрытомным стане: асфальт дзе ўздыбіўся, дзе размыўся, дзе папросту зьнік дзякуючы аўтамабілістам і трактарыстам. Але ў часе леташняй рэканструкцыі Лагойскай шашы паднавілі і дарожку: паклалі новы асфальт і… здаецца, усё.

Слабым месцам веладарожкі быў і застаўся даезд да яе. Яна пачынаецца пасьля аўтобуснага прыпынку “Аквабел”, гэта адразу за разьвязкай Лагойкі й кальцавой. Акурат на гэтай разьвязцы заўсёды немалы рух, асабліва па абодвух зьездах з кальцавой, асабліва па паўночным, на якім кіроўцы вельмі ня хочуць скідаць хуткасьць з сваіх 100 км/г, каб прапускаць нейкага там раварыста.

Тым, хто па такіх дарогах ня езьдзіць, можна прабірацца абхаднымі сьцежкамі: церазь пераход пад кальцавой насупраць 163-й школы па вуліцы Цікоцкага, а тады праз Аквабел, або пад мост на вуліцы Мірашнічэнкі і далей наўскос праз Экспабел да пешаходнага пераходу каля прыпынку, хоць у выходныя там задужа тлумна.

Паласа зямлі і гравію справа ад адбойнікаў — гэта і ёсьць пачатак веладарожкі. Да рэканструкцыі там стаяў знак, а цяпер застаўся толькі слуп ад яго, дый асфальту на дзесяць мэтраў да пераходу не хапіла.



Першы жывы знак веладарожкі стаіць на павароце на авіяклюб. Знак гэты — сапраўдны старажыл. Пасьля дарожка ідзе трошку ўніз, да першага тунэлю, пасярод якога стаіць бэтонны слуп, відаць, каб машыны ня езьдзілі. 



Але лепш прыціснуць тармазы, бо акурат машыны акурат тут і езьдзяць. Тутэйшая аўташкола старанна прывівае сваім выхаванцам звычку езьдзіць па веладарожках, па цёмных тунэлях, і не стамляецца адпрацоўваць навыкі парушэньня правілаў дарожнага руху на практыцы. Толькі пакуль я зрабіў пару кадраў, праехала ажно тры машыны. Адна, праўда, два разы. Паўтарэньне, то бо, маць…



Веладарожка за тунэлем таксама актыўна юзаецца аўташколай у сваіх аўташкодных мэтах.

Першы тунэль актыўна размаляваны размаітым наскальным жывапісам музычнай, патрыятычнай і пубэртатнай тэматыкі.



Ува ўсіх тунэлях горшае якасьць асфальту, а ў цемры пабліскваюць аскепкі бітага шкла.

На пад’езьдзе да павароту на Бараўляны проста на дарожцы выбіты помнік п’янаму экскаватаршчыку. Абазнаныя заўсёднікі аб’яжджаюць, а я ўляцеў з горкі на ўсіх парах. Кайфу мала.

Пасьля другога тунэлю ля Бараўлянаў справа пачынае дыміць шашлыкамі карчма “Ачаг”. Карчма гэтая ўплывае на аўтамабілістаў ды іх пасажыраў самым аптымістычным чынам: яны трохі ад’яжджаюцца, кідаюць тачкі на ўзбочыне і пачынаюць квасіць проста на веладарожцы. Потым у прыўзьнятым настроі трушчаць пляшкі аб асфальт і звальваюць. Так што запаска будзе ня лішняй.

Адзіная безтунэльная разьвязка на ўсёй веладарожцы — каля вёскі Малінаўкі. Тут непадалёк стаіць і апошні веладарожачны знак.


Чым далей ад Менску, тым менш сьлядоў чалавечага самавыражэньня: меней шкла на дарожцы, меней надпісаў у тунэлях.

На мосьце праз Усяжу бліжэй да правага краю у дарожку ўбудаваныя дзіркі, дастатковыя для таго, каб пры дастатковай ступені шанцаваньня пераляцець праз руль, а то і праз мост. За мостам — круты спуск, унізе якога раней была цэлая пясочніца. Цяпер, пяску меней, і можна разганяцца сьмела.



Тунэль пад разьвязкай ля Астрашыцкага Гарадку зроблены на ўзвышшы. Памятныя мясьціны. Гэтая сьціплая горка мяне даканала, калі я аднойчы ехаў зь Бягомля. Заваліўся на ўзбочыну і глядзеў з пагорку на трасу, маляўнічыя краявіды ды мурашоў.


Тунэль пад дарогай на Раўбічы — гэта машына часу. Калі да яго ідзе дарожка ўзору 2002 году, то за ім — цуд некранутай прыроды з 80-х.


 

…І гэтая прырода актыўна заваёўвае велапрастору.

Гэта зусім іншая дарожка, вузейшая, з горшым асфальтам, з крутымі небясьпечнымі паваротамі й стромымі спускамі/пад’ёмамі. Але яна проста неверагодна маляўнічая, і ехаць па ёй адно задавальненьне.



Вось дарогу засьцілаюць галіны дрэў, вось справа адкрываецца шырокі далягляд жытнёвага поля, вось узьбіраецца сьцежка кудысьці ўгару, вось раптам трапляеш у вільготную прахалоду хвойніка. А паспрабуй спыніцца — праз хвіліну побач у кустах затрынькае птушка, ажыве лес, нешта закапошыцца. Файна. Праўда, апошні раз нейкая крылатая дурында сьперапуду выскачыла проста ў кола, адляцела ад сьпіц і ёкнулася ў траву. Здаецца, выжыла.







Пасьля некалькіх завілін дарожка выбягае зь лесу на нейкую мясцовую дарогу да нейкага мясцовага агратурыстычнага аб’екту. Тут дарожцы і канец, а Раўбічам — пачатак.

Далей празь некалькі мэтраў будзе кавярнічка адпачыць, угары — былы касьцёл, які фантастычна глядзіцца на фоне лыжных трамплінаў, а адтуль — цудоўныя фізкульткраявіды, а ў гэтых фізкульткраявідах — траса для выцісканьня дарэшты ўсіх сокаў, калі яны, вядома, яшчэ засталіся.




дзе: па ўсходнім баку шашы Менск-Лагойск ад гарадзкой мяжы да спарткомплексу "Раўбічы".
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 15 км.
плюсы: тунэлі пад аўтадарогамі, пераважна роўны асфальт, няма бардзюраў, маляўнічыя мясьціны
мінусы: няма абсталяваных выездаў на іншыя дарогі.

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка шостая. Аэрапортна-бальнічная.

Найноўшая менская веладарожка зьніадкуды ўніадкуль зьявілася на Кіжаватава.



Пра яе нават недзе ў прэсе (ЕЖ?) крытычна напісалі, што вядзе яна ў бок кальцавой, а інтарэсы тых, хто едзе ў цэнтар, маўляў, ня ўлічаны!

Ды якая там кальцавая, які цэнтар, якое “вядзе”!

Калі быць дакладным, веладарожкай той можна даехаць ад вуліцы Берасьцейскай да “бальнічнай разьвязкі” (2-я Лошыцкая вуліца). А да кальцавой адтуль яшчэ круціць і круціць.

Дарожка можа ганарыцца наяўнасьцю зьездаў: бугроў асфальту, прысыпаных устыч да бардзюраў. Ды хоць гэта і лепш, чым нічога, але па веладарожцы ўсё ж хочацца езьдзіць, а не зьяжджаць і заяжджаць, зьяжджаць і заяжджаць, зьяжджаць і заяжджаць. Дый сам асфальт пакладзены хваліста-купчастым мэтадам, і ехаць па ім хоць і ня сумна, ды ня дужа прыемна.

Менскія веладарожныя будаўнікі баяцца прыпынкаў, нават калі тыя стаяць да іх сьпіной. Убачылі — кінулі фарбу й разьбегліся.



дзе: па заходнім баку вуліцы Кіжаватава ад Берасьцейскай да 2-й Лошыцкай.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 1 км.
плюсы: ёсьць зьезды
мінусы: вядзе нікуды зь ніадкуль, нязручныя зьезды, новы, але няроўны асафальт, адсутнасьць разьметкі ў зоне прыпынку.

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка пятая. Лошыцкая.

Upd. 2010. Велапаласа прыйшла ў непрыдатнасьць для руху, асфальт праваліўся, ехаць небясьпечна для здароўя, можна ўваліцца ў яміну й перакуліцца.

Лошыца сёлета стала другім “спальнікам” пасьля Вясьнянкі, ашчасьліўленым веладарожкай.



Тым, што дарожка пачынаецца чорці дзе і вядзе чорці куды, ужо нікога ня зьдзівіш. Так што калі рухацца з Лошыцы ў цэнтар, даехаць можна толькі да Чыжэўскіх, пасьля разагнацца з горкі і пакінуць на мосьце пару кавалкаў плоці.




Для гасьцей мікрараёну мясавыдзіралка стаіць і на другім канцы мосту. Welcome!



Далей гасьцям у залежнасьці ад сытуацыі можна павярнуць або на веладарожку, або адразу — замаўляць помнікі.



Асфальт добры для ходніка й ня вельмі для дарожкі. Ровары малявалі проста на латках.



Ну, высокія бардзюры, перад якімі дарожка традыцыйна зьнікае, гэта ўжо не навіна. Тут іх хоць можна аб'ехаць. Завярнулі б гэтую тонкую белую лінію адразу ўбок, а то толькі зьбівае з панталыку.



З горкі да Лошыцы я нёсься з адной рукой на рулі, з другой — на клаксоне. Мясцовыя кампаніі выкарыстоўваць увесь ходнік зь веладарожкай пад пагуляначную трасу, а мамы пад раскручваньне дзетак вакол сваёй (мамінай) асі.
Праз 5 сэкунд гудзеньня раварыста заўважаюць, яшчэ празь дзьве адыходзяць ад панічнага здранцьвеньня й вызваляюць дарогу.

Заканчваецца дарожка стандартнай капітуляцыяй перад прыпынкам. Хто б сумняваўся.



дзе: па ўсходнім баку Ігуменскага тракту ад вуліцы Чыжэўскіх да вуліцы Янкі Лучыны.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 1,3 км.
плюсы: дазваляе адносна спакойна рухацца па вуліцы зь вялікім рухам
мінусы: вядзе нікуды зь ніадкуль, у непасрэднай блізкасьці — небясьпечныя для здароўя канструкцыі, адсутнасьць зьездаў, высокія бардзюры, адсутнасьць разьметкі ў зоне прыпынку.

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка чацьвёртая. Канюшынная.

На вуліцы Карастаянавай была рэалізаваная геніяльная задума: а што калі проста на ходнік уткнуць знак “веладарожка”?
Па правілах жа па веладарожках пешаходам хадзіць можна, а раварыстам на дарогу зьяжджаць — аніяк! Не разумею, чаму яшчэ так не зрабілі па ўсім горадзе?



Гэта прытым, што вуліца Карастаянавай абсалютна нічым не адрозьніваецца ад іншых вуліц у горадзе, і чаму зь яе трэба было зганяць раварыстаў на шчарбаты ходнік, незразумела.

Асфальт на ходніку паршывы: патрушчаны, выбоісты, зь ямінамі, расколінамі, і ехаць па ім хутчэй за 20 км/г некамфортна.






Але ўвесь цымус ня ў гэтым, а ў тым, што ходнік гэты — найбліжэйшая зона адпачынку для тутэйшых жыхароў. Гэта значыць, што мамы з вазкамі, дзеці з цацкамі, сабачнікі з пусікамі й нарэшце пралетарыят розных пакаленьняў з пляшкамі рознага напаўненьня тусуюцца проста тут, на гэтым ходніку, што робіць карыстаньне ім як веладарожкай экстрэмальным.



І калі на пад’езьдзе да вуліцы Някрасава вам пачне здавацца, што для злосьці ды мацюкоў проста няма ўжо месца, пачакайце — праз колькі мэтраў вы адкрыеце рэзэрвавыя магчымасьці арганізму!

дзе: па ўсходнім баку вуліцы Карастаянавай ад вуліцы Арлоўскай да вуліцы Някрасава.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,76 км.
плюсы: адсутныя
мінусы: няма разьметкі; дрэнны асфальт; для таго, каб трапіць на другую частку веладарожкі, трэба перасякаць вуліцу на небясьпечным скрыжаваньні; вялікая актыўнасьць тубыльцаў у непрацоўны час



Дарожка, што пачынаецца за разваротным кальцом, ад вуліцы Тыражнай, гэта не дарожка — гэта песьня!



Сапраўдная яе шырыня нікому не вядомая, але сёньня гэта самая вузкая менская дарожка. Калі ў Яся быў ровар, то накасіць канюшыны ён мог проста тут. Асфальт мае такі старажытны выгляд, што міжволі пачынаеш глядзець па баках: ці не вісіць дзе шыльда, што гэты шэдэўр дарогабудаваньня ёсьць помнікам архітэктуры й ахоўваецца дзяржавай.



Пры ўсіх сваіх рэкордных уласьцівасьцях карыстацца дарожкай немагчыма. Па-першае, гэта яўна негуманна ў адносінах да кветак і іншай расьліннасьці, а па-другое — ужо на хуткасьці 11 км/г ровар пачынае нагадваць хранічнага эпілептыка з кліпу гурту “Benni Benazzi”.

Яна магла бы спаборнічаць за тытул "абсалютна кончаная веладарожка" з заслаўскай, калі б гэтае недарэчнае нагрувашчваньне асфальту язык павярнуўся назваць веладарожкай.

Відаць, міліцыя верыць у надзвычайныя магчымасьці ровараў ды раварыстаў, калі ўсур’ёз мяркуе, што ПА ГЭТЫМ можна езьдзіць.

А шкада — мог бы быць папулярны адпачынкавы маршрут: калі ехаць далей, трапляеш у хвойнік, а пасьля — да Цнянскага вадасховішча. Праўда, сёньня давядзецца аб'яжджаць машыны ля майстэрняў ды спэцыяльна выкапаныя яміны на ўсю шырыню дарогі, аж часам цяжка на ровары пратачыцца.

дзе: па паўночна-ўсходнім баку вуліцы Карастаянавай ад вуліцы Тыражнай.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,4 км.
плюсы: адсутныя
мінусы: зарослая, закінутая, вузкая, з жахлівым асфальтам, непрыдатная для карыстаньня.