Feb 7, 2008

Дапаможнік па выжываньні для беларускіх пешаходаў

Рух на ровары мусіць ажыцьцяўляцца па роварнай дарожцы, а пры ейнай адсутнасьці — па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы, без чыненьня перашкод для бясьпечнага руху пешаходаў.
Правілы дарожнага руху, арт. 148.¹

Настоящая велодорожка у нас будет всего одна.
Заместитель начальника управления физической культуры, спорта и туризма Мингорисполкома Геннадий Липский²


Пешаходам ад раварыстаў

Ехаць на ровары асалода сама па сабе, але мы не адчуваем радасьці ад неабходнасьці дзяліць з вамі ходнік, якраз наадварот.

Мы значна лепей пачуваліся б на асобнай веладарожцы. Думаем, вам таксама было б бяз нас спакайней.

Мы, насамрэч, рухаемся ў 4-10 разоў хутчэй, чым вы думаеце, і рухаемся марудней толькі ў выключных выпадках. Па сакрэце: выключным выпадкам зьяўляецца крутая горка, глыбокая гразюка і не зьяўляецца рахманы пешаход (у любой колькасьці).

Гучны клаксон з-за сьпіны — гэта ня зьдзек, гэта клопат пра вашу бясьпеку, як нам і завешчана ў правілах. Тое ж самае — мігатлівы агеньчык зь цемры.

Мы не вінаватыя, што вашыя інстынкты самазахаваньня абуджаюцца ня гэтак камфортна, як вам хацелася б.

Калі вы чуеце ззаду дзіўныя гукі, падобныя на званок, дзыньканьне або гудзёлку, як у цацачнай машынкі, спачатку адыдзіцеся ўбок, а ўжо пасьля нясьпешліва абарочвайцеся й задавольвайце сваю цікаўнасьць. Па сакрэце: каб ня чуць такіх гукаў, проста не займайце ўвесь ходнік.

Адыходзіцца ўбок варта спакойна, але без прамаруджваньня. Калі вы чуеце гэтыя гукі, значыць раварыст ужо блізка. І мала што там у яго з тармазамі…

Калі наша зьяўленьне само па сабе дрэнна ўплывае на вашую нэрвовую й сардэчна-сасудзістую сыстэму, чаму пра гэта ня ведаюць вашы дэпутаты?

Па сакрэце: вашых мацюкоў і праклёнаў мы амаль ня чуем, хіба што некалькі першых складоў…

Калі раптам з туману, зь цемры, з-за павароту, з-за вугла раптоўна зьяўляецца раварыст, не абвязкова адразу скакаць у суседнюю канаву. На большасьці ходнікаў мы зможам спакойна разьмінуцца. Але калі вы ўсё ж захочаце перастрахавацца, мы, вядома, ня будзем супраць.

Раптоўнае наша зьяўленьне не нагода мітусіцца з аднаго краю да другога. Проста займіце прадказальную пазыцыю — чым правей па ходу вашага руху. І лепш там і хадзіце.

Калі вам падасца, што на вас едзе непрадказальны паўпрытомны маньяк, зірніце пад ногі — магчыма, мы проста аб’яжджаем бясконцыя выбоіны ды яміны. Па сакрэце: такіх ходнікаў большасьць. Калі ж пад вашымі нагамі ідэальна роўная плітка стройнымі шэрагамі, то мы проста спрабуем ня трапіць тонкім колам у тонкія палоскі між пліткамі, каб раптам не зарыцца.

Мы разумеем, што ў вас няма люстэрка агляду й сярод вас не прынята паказваць павароты выцягнутай рукой, але ці не маглі б вы паводзіцца крыху больш прадказальна? Калі шараханьне з боку ў бок ёсьць стылем вашай хады, нам будзе значна цяжэй з вамі не сустрэцца.

Паверце на слова, сутыкненьне з роварам даволі балючае і траўманебясьпечнае, і найперш для вас. Дзіўна, што аўтары правіл і архітэктары гарадзкіх вуліц гэтага не ўлічылі.

Вы, вядома, маеце права хадзіць па веладарожках і велапалосах, вось толькі мы не разумеем, якія ў вас праблемы з ідэнтыфікацыяй, калі вы суадносіце сябе з роварам, а не намаляваным на паласе побач чалавечкам. А калі б быў намаляваны трамвай, вы б таксама грэбавалі пешаходнай дарожкай і шлапалі па рэйках?

Калі вы на прыпынку станеце да самага бардзюру, аўтобус хутчэй не прыедзе, а нам не застанецца месца, дзе вас аб’ехаць. Калі за навесам на прыпынку ёсьць месца, мы паспрабуем аб’ехаць вас там, толькі ня трэба раптоўна выходзіць правяраць, ці сапраўды мы ўжо нарэшце…

Вы зьдзівіцеся, але нават у хаатычнай масе мы знойдзем, як прашмыгнуць, праўда, калі вы захочаце пацеляпацца, вашы шанцы быць неаб’еханым значна павялічацца.

Так, з-пад колаў можа вылятаць гразь, пясчынкі і пырскі вады. Гэта фізыка.

Калі на пешаходным пераходзе вы абыходзіце ровар і становіцеся ў яго паперадзе, як вы думаеце, што будзе далей?

Мы ня можам прадказаць, куды ў наступны момант кінецца ваш дзіцёнак, але як можна на дарозе не трымаць яго за руку, не паддаецца нашаму разуменьню.

Ведаеце, сабакі нават больш прадказальныя: бягуць ззаду, брэшуць, зубамі клацаюць, хвост у сьпіцы суюць, лапы пад колы падкладваюць, скуголяць ды падскокваюць. Праўда, і вам, і нам спакайней, калі яны на павадках і ў напысьніках.

Дарэчы, мы часам едзем і па праезнай частцы, у мэтры ад ходніка, то бо каля бардзюру. Па сакрэце: гэта ілюзія — недзе ў мэтры ад ходніка едзе кола, а правы рог руля і правы локаць нясуцца акурат недзе над бардзюрам, асабліва ў шчыльным трафіку на загружаных скрыжаваньнях. Паспрабуйце пра гэта падумаць, калі ў наступны раз пачнеце ківацца на краі бардзюрнага каменю.

Мы разумеем, што гэта інстынктыўная прага быць першым. Але расчарую: найхутчэй, каго-небудзь мы ўжо зьбілі раней.

Калі вы настолькі незадаволеныя сустрэчамі з намі, ненаўмыснымі пырскамі на вопратцы, прамоклымі чаравікамі ў лужыне, куды вы, чамусьці, вырашылі саступіць, паскораным сэрцабіеньнем ад раптоўнага манэўра збоку, гудка ззаду, фары сьпераду, што не шкадуеце мацюкоў і праклёнаў, чаму пра гэта яшчэ ня ведаюць вашыя абраньнікі ва ўладзе?

Мы ня хочам вас зьбіваць. Але нашы магчымасьці абмежаваныя. Дайце нам шанец.

Мы разумеем, што вы не прывыклі азірацца па баках і ціснуцца да краёў, але гэта проста значыць, што адсутнасьць веладарожак ня толькі і нават ня столькі наша праблема.

Было б наіўна меркаваць, што гэтыя парады могуць цалкам засьцерагчы ад непрыемных выпадкаў пры такой блізкасьці на адной тэрыторыі такіх рознахуткасных аб'ектаў.

3 comments:

  1. А-ха! Бліскуча!

    ReplyDelete
  2. из наблюдений: три тетки полностью занимают собой тротуар любой ширины.

    Теток с колясками достаточно двух, чтобы занять еще и газон.

    ReplyDelete
  3. Калі на пешаходным пераходзе вы абыходзіце ровар і становіцеся ў яго паперадзе, як вы думаеце, што будзе далей?

    о, даааааааааааааааааааааа

    ReplyDelete