Apr 30, 2008

Велацытаты. Ігар Ваніцкі

ДАІ Белрусі лічыць будаўніцтва роварных дарожак важным чыньнікам, які спрыяе павышэньню ўзроўню бясьпекі на дарогах, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік начальніка ўпраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі Ігар Ваніцкі.
Прыкладам станоўчага ўплыву на ўзровень аварыйнасьці веладарожак можа служыць досьвед Салігорску, дзе некалькі гадоў таму была абсталяваная такая дарожка ад гораду да шахтаў, адзначыў спэцыяліст. У цяперашні час веладарожак нестае як у сталіцы, так і ў рэспубліцы ў цэлым.
БЕЛТА, 12 красавіка 2007 г.

Apr 29, 2008

У суседзяў больш няма правіла «аднаго мэтра»

У прынятай летась рэдакцыі расейскіх правілаў дарожнага руху зьнікла фармулёўка пра забарону выезду далей за адзін мэтар ад краю дарогі. Знаходжаньне раварыста на дарозе цяпер абмежаванае крайняй правай паласой:
(п. 24.2.) Раварысты, мапэды, гужавыя павозкі (сані), верхавыя і ўючныя жывёлы павінны рухацца толькі па крайняй правай паласе ў адзін шэраг як мага правей. Дапускаецца рух па ўзбочыне, калі гэта не стварае перашкод пешаходам.
Гэтаксама вызначаецца становішча раварыста на дарозе і ва ўкраінскіх правілах дарожнага руху (п. 11.14.). Не знайсьці згадкі пра «адзін мэтар» і ў польскіх ПДР.

Apr 28, 2008

Весткі з палёў. Падарожжа па праекце веладарожкі

Поўнач — цэнтар.
На самым пачатку веладарожкі пакуль некранутае поле зь перакапанай бабрамі сьцежкай. Сама ж веладарожка, рэканструяваная летась, заварочвае на пешаходны пераход перад разьвязкай.
Празь некалькі мэтраў ад пачатку веладарожкі збоку зьяўляецца напалову вузейшая паласа, выкладзеная пліткай. Падобная ж канструкцыя цяпер вымалёўваецца на набярэжнай уздоўж вуліцы Пуліхава. Відаць, па задуме архітэктараў, гэткай і будзе менская мэґавеладарожка. «Зярністае пакрыцьцё» выглядае як звычайны асфальт. Асфальт пакладзены роўна і не выклікае нараканьняў. Плітачная паласа пракладзеная толькі там, дзе дазваляе шырыня між дрэвамі, і ў вузейшых месцах зьнікае.
Але ўсё ж бардзюры ўровень з асфальтам нашыя дарожнікі класьці так і не налаўчыліся. Хто б сумняваўся.
Здарыўся канфуз і з пліткай. Дзе-нідзе зазор між веладарожкай і плітачнай паласой такі, што ў яго зь лёгкасьцю зьмяшчаецца кола. Нават на невялікай хуткасьці гэта можа пагражаць зламанымі коламі і касьцямі.
Ля запраўкі люк пасярэдзіне веладарожкі атачылі насыпам зь зярністага — без сумневаў — пакрыцьця. Трэба думаць, гэткі спосаб афармленьня люкаў адпавядае стандартам будаўніцтва мэґавеладарожак. Бо, скажам, на аўтадарозе такіх дзівосаў не сустрэнеш.
Ля крыніцы, дзе паварот на Дразды, паставілі новыя знакі веладарожкі. Раней іх тут не было. Панізіць бардзюры, праўда, ніхто і не спрабаваў. Затое выбоісты асфальт замянілі на роўны новы. Веладарожка, па традыцыі, заканчваецца за некалькі мэтраў да дарогі.
Далей, паводле задумы архітэктараў, веладарожка робіць рэзкі паварот, перасякае некалькі палос лыжна-ролернай трасы й прыціскаецца да Сьвіслачы. Тут работ пакуль не заўважана, але гэты адрэзак роварнай трасы будзе вельмі цікавым. Месца для веладарожкі тут папросту няма ды й як бясьпечна перасячы ролерную трасу без мастоў ці тунэляў, таксама незразумела. Пакуль раварысты дзеляць з мамамі вузкую грунтовую сьцежку ля вады.
Першыя сьляды будаўніцтва веладарожкі былі заўважаныя ля моста на Арлоўскай вуліцы. Тут зьнялі грунт, выкапалі старую плітку й пачалі класьці бардзюры. У пятніцу а 17-й быў заўважаны адзін нястомны рабацяга. (Забягаючы наперад, скажу, што акурат такая самая сытуацыя цяпер на вуліцы Індустрыяльнай ля гарбатага моста.) Далей аж да самай вуліцы Пуліхава ніякіх веладарожных работ не заўважана.
[Image]
Прывязка да мясцовасьці
Паглядзець слайды ва ўвесь экран (Firefox, Explorer)
Аснова схемы — forum.poehali.net

Першы блін «Крытычнай масы»

Першая сёлетняя «Крытычная маса» праехала па менскіх вуліцах пятнічным вечарам 25 красавіка. Акцыю суправаджала ДАІ, на скрыжаваньнях інспэктары давалі раварыстам зялёны калідор. Удзел у ёй узялі больш за 100 раварыстаў.

Празь нейкі час група раварыстаў адхіліліся ад узгодненага маршруту. Адзін з раварыстаў гэтай групы няўдала зваліўся з ровара й атрымаў сур’ёзныя пераломы абедзьвюх рук.

Падрабязьней пра падзею — у рэпартажы і фотахроніцы Антона Маталько.
Глядзі таксама абмеркаваньне на форуме КМ

Адной веладарожкай болей

Папаўненьне ў шэрагах беларускіх веладарожак.

Знак з роварам зьявіўся на выезьдзе з Лагойску ўздоўж пад’ёму, што вядзе да скрыжаваньня Р-66 (на Лагазу, Гайну) і М-3 (на Плешчаніцы, Менск) .

Калі не зьвяртаць увагі на знак, гэта звычайны ходнік зь няроўна пакладзеным сьвежым асфальтам. Вядзе, традыцыйна, унікуды зьніадкуль: пачынаецца не ад кальцавога скрыжаваньня ў Лагойску, як варта было чакаць, а крыху вышэй на горцы; не даходзіць і да М-3, бо там цяпер вядуцца гіганцкія будаўнічыя работы.

Нягледзячы на выразныя мінусы, гэтая дарога — акурат тое месца, дзе хоць якая велапаласа лепей за ніякую: у круты двухпалосны схіл цяпер цісьнецца ўвесь транспарт на Лагойск.

Apr 27, 2008

Велацытаты, Уладзімер Сьцяпан

Ездзіць на ровары, ці хадзіць пешкі, для сучаснага беларуса‑«калхазана» — непрыстыжна.

Іншая справа аўтамабіль, няхай сабе і «дабіты», дымна‑смярдзючы.

У машыне беларус адчувае сябе абароненым, як слімак у ракаўцы.

Але мне думаецца, што ў Еўропу трэба ехаць на ровары.

Ціха, няспешна, без трэску і смуроду…

( калі ў Менску людзей на роварах будзе больш, чым на машынах, то ... ) Толькі не трэба пра Кітай...

Apr 26, 2008

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках

 Разгарнуць Кароткі праваднік па менскіх веластаянках на ўвесь экран Паглядзець слайды ва ўвесь экран (Firefox, Explorer)
плюсы:
1. любая веластаянка лепей за яе адсутнасьць.
2. менскія веластаянкі хоць малалікія, затое розныя, а некаторыя нават зручныя 

мінусы:
1. для веластаянак часта выбіраюцца месцы, адкуль яны не праглядаюцца з будынку
2. камэраў відэаназіраньня, скіраваных на веластаянкі, заўважана не было.
3. канструкцыя некаторых веластаянак можа пашкодзіць раму ровара.
4. веластаянак катастрафічна мала
5. некаторыя стаянкі не мацуюцца да зямлі.
6. нават каля аб’ектаў доўгага знаходжаньня (бібліятэка, ВНУ, офісы) ставяцца стаянкі фактычна гасьцявога тыпу, якія па сваёй канструкцыі й разьмяшчэньні не даюць упэўненасьці ў захаваньні ровара.