Jul 30, 2008

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Велапаласа на Леніна

Самая цэнтральная сёлетняя велапаласа.
1,1 км.
Асфальт ад паршывага да добрага.
Карыстацца можна, калі ведаць, дзе яміны і дзе лепш аб’ехаць па траве.

Або на ровары, або пад музыку



«Партатыўныя плэеры могуць быць небясьпечнымі. Не карыстйцеся імі падчас язды на роварах» — такі зварот да моладзі распаўсюдзіла брытанская паліцыя пасьля таго, як сямнаццацігадовая Абігэль Хэйтран заігінула пад коламі аўтамабіля, не пачуўшы ягонага набліжэньня.

Семнаццацігадовая дзяўчына выехала зь веладарожкі проста пад колы. Яна не пачула шум рухавіка, бо адначасова слухала музыку ў навушніках. У выніку траўм галавы яна сканала на месцы здарэньня.

Паліцыя выявіла, што кіроўца рухаўся з усталяванай для гэтай дарогі хуткасьцю, але, нават экстрана затармазіўшы, ня змог пазьбегнуць наезду на раварыстку, якая раптоўна зьявілася на дарозе. Калі б Абігэль пачула шум матору, яна, несумненна, засталася б жывая.

Падчас расьсьледаваньня маці ахвяры пацьвердзіла, што ейная дачка падчас язды на ровары звычайна слухала музыку. Уся сям’я загінулай далучылася да звароту паліцыі не карыстацца партатыўнымі плэерамі падчас язды.

Паводле londyn.gazeta.pl via nn.by

Jul 25, 2008

Ходнікі поўныя нечаканасьцяў

Для раварыстаў, на жаль, не існуе знаку «Асьцярожна, небясьпечны ходнік». Таму пра час той і месца, калі зямля сыйдзе з-пад колаў, нікому невядома.

Цікава, ці падпадае пад п. 148 ПДР гэты ходнік на мосьце па вуліцы Ваўпшасава ў Менску?


Дарэчы, нядаўна на ім правялі ямачны рамонт і дзьве яміны на ўсю шырыню ходніка заклалі асфальтам. Драбнейшыя яміны, відаць, палічылі дастаткова бясьпечнымі.

Jul 24, 2008

Бяз рэзкіх рухаў

Раварысты гінуць у аварыях усё часьцей

Байкі (як яшчэ называюць ровары), бадай, адзін з самых уразьлівых відаў транспарту. Варта каму‑небудзь з аўтамабілістаў зрабіць ня той рух рулём — і ты ўжо пад адхонам. А любое падзеньне пагражае сур’ёзнымі траўмамі, нават шлем не заўжды дапаможа.

Асабліва шмат аварый здараецца ўлетку. Вось і цяпер дарожныя інцыдэнты з удзелам раварыстаў адбываюцца ледзь ці не штодня.

У вёсцы Зарэчча Пухавіцкага раёну пажылы раварыст апынуўся проста пад коламі матацыкла. Ад атрыманых траўмаў пэнсіянэр сканаў на месцы. Хлопец, які кіраваў матацыклам, і ягоная дзяўчына шпіталізаваныя. У іх закрытыя чэрапна‑мазгавыя траўмы, множныя ўдары й драпіны па ўсім целе.

А на мінулым тыдні ў Любанскім раёне 13‑гадовы падлетак, які ехаў на ровары, трапіў пад колы аўтамабіля…

Улетку багата хто перасядае на экалягічна чысты транспарт. Пра тое, як зрабіць паездкі для раварыстаў больш камфортнымі, гарадзкія ўлады задумаліся ўсур’ёз. На днях старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў даручыў распрацаваць канцэпцыю будаўніцтва ў горадзе веладарожак. Прычым справа не павінна абмяжоўвацца толькі 27‑кілямэтровай велатрасай, пра якую так часта гавораць.

Аднак ёсьць і іншая праблема. Похапкам многія раварысты груба парушаюць правілы. Напрыклад, едуць па вуліцы з аднабаковым рухам супраць патоку. Хоць паводле ПДР яны таксама кіроўцы й павінны падпарадкоўвацца дарожнаму парадку. Іншыя ня «сьпешваюцца» на пераходах, а пераяжджаюць іх на байку. Вынік? Аўтамабілісты не пасьпяваюць зрэагаваць і зьбіваюць спрытных падлеткаў.
— Найбольш аварый адбываецца за горадам, у сельскай мясцовасьці, — расказвае галоўны спэцыяліст аддзелу арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяньня й прапаганды бясьпекі дарожнага руху УДАІ МУС Уладзімер Сьцяпанаў. — Часьцей за ўсё ДТЗ здараюцца ў цёмны час сутак, калі раварысты выяжджаюць на праезную частку. Як пазьбегнуць здарэньняў? Ровары неабходна аснашчаць флікерамі, уначы абавязкова ўключаць ліхтары. сьпераду — белага колеру, ззаду — чырвонага. Неабходна апранаць сьвятлаадбівальныя камізэлькі й шлемы.
Аксана Сідаровіч, «СБ-Беларусь Сегодня»

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Велапаласа на Несьцерава

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Велапаласа на Аэрадромнай


Агляд з усходу на захад ад alex_radko.

Агляд з захаду на ўсход:

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Велапаласа на Варанянскага


Агляд з захаду на ўсход ад alex_radko.

Агляд з усходу на захад:

Jul 23, 2008

У Лошыцкім парку пракладуць веладарожку

Веладарожка закладзеная ў праект пераробкі сталічнага Лошыкага парку. Пра гэта сёньня мімаходзь паведамляе «Звязда».

«Граф Любанскі сам быў аматарам гэтага віду транспарту й нават праводзіў тут роварныя спаборніцтвы. Неўзабаве ў Лошыцы можна будзе ўзяць напракат ровары, і зусім не сучасныя, а рэтра», дадае тэлеканал АНТ.

Jul 21, 2008

Мэр Менску: Абсалютная большасьць менчукоў перасядзе на ровары

Старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў сёньня на апэратыўнай нарадзе ў мэрыі даручыў распрацаваць канцэпцыю будаўніцтва ў Менску веладарожак ды іх уладкаваньня, паведамляе БЕЛТА.
«Сёньня ў сьвеце такі рух распаўсюджаны, бо гэта ж здаровы лад жыцьця. А чаму, напрыклад, з Заводзкага раёну на ровары нельга трапіць у Цэнтральны?», — пацікавіўся Міхаіл Паўлаў.
На ягоную думку, у горадзе ёсьць шмат кірункаў, па якіх можна было б спраектаваць і пабудаваць такія роварныя магістралі.
«Абсалютная большасьць менчукоў пры наяўнасьці такіх умоў перасядуць на ровары», — перакананы мэр сталіцы.
Міхаіл Паўлаў адзначыў, што велатраса, якая цяпер будуецца ўздоўж Сьвіслачы, стане пачаткам цэлага праекту, і даручыў інстытуту «Мінскграда» распрацаваць адпаведную канцэпцыю.

Ілюстраваны праваднік па менскіх веладарожках


Разгарнуць мапу

Новая велапаласа — на Матусевіча



У Кароткім правадніку па менскіх веладарожках папаўненьне — alex_radko апублікаваў у суполцы minsk_by_bike агляд новай велапаласы на вуліцы Матусевіча.

Калі ня дужа разганяцца, то гэтым можна карыстацца.

Jul 18, 2008

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках: Велапаласа на Партызанскім

За пару дзён на Партызанскім праспэкце намалявалася новая велапаласа. Ёю «асучасьнілі» ходнікі даўжынёй у два кварталы: ад Шашэйнай вуліцы да безназоўнага праезду ля Заводу колавых цягачоў, не даяжджаючы да станцыі Магілёўскай — то бо ажно адну дзясятую частку ўсяго праспэкту, недзе пад кілямэтар.

У самым пачатку паласы ў ходніку вытыркаецца акуратна абкладзеная пліткай магілка нейкага дрэва, якое не перажыло ўрбанізацыю. А магло б быць адной дрэвадарожкай болей.



Перад скрыжаваньнямі дарожка звыкла зьнікае. Паніжаць бардзюры ці хаця б падсыпаць асфальт ніхто і ня браўся. Будаўнікі і будаўнічыя нормы працягваюць існаваць у паралельных сьветах.



З таго, што на праспэкце Жукава адлінавалі раварыстам дрэва, можна было б і пакпіць. Але працяг экспэрымэнту выклікаў трывожнае зьдзіўленьне. За Сацыялістычнай вуліцай велапаласа ідзе прамой наводкай на павільён прыпынку «вул. Варвашэні». Для таго, каб «не ствараць перашкодаў пешаходам», раварыстам пакінулі прастору шырынёй у гэтага самага сярэднестатыстычнага пешахода. Забясьпечыць бясьпеку можна толькі скочыўшы цераз галаву, што немагчыма. А падобным немагчымасьцям акурат і прысьвечаны п. 148 ПДР. А пытаньне, навошта рабіць нешта, чым немагчыма карыстацца, перад гарадзкімі паляпшальнікамі, як бачна, не стаяла.



Яшчэ б трошку, і веладарожка займела б нешта падобнае на сэнсоўны пачатак/канец — напрыклад, Аўтазаводзкую аўтастанцыю, ці скрыжаваньне з Ангарскай, ці выезд на Шабаны, ці хоць Магілёўскае мэтро. Але стваральнікі вырашылі не парушаць традыцыі велабудаўніцтва ўнікуды зьніадкуль ды абарвалі «элемэнт велаінфраструктуры» на безназоўным ды бессэнсоўным праезьдзе ў кірунку заводу колавых цягачоў.



Зрэшты, ужо ад Сацыялістычнай велапаласа тая ня дужа каму патрэбная. Раварысты збольшага жывуць у раёнах, што выходзяць да супрацьлеглага боку Партызанскага праспэкту ды ня любяць гойсаць па падземных пераходах, тым больш калі ёсьць наземныя. Таму веладарожку для раварыстаў варта было б весьці па няцотным баку, з паваротамі на ВарвашЕнісейскую ды Ангарскую ды зь пераездам ля стэлы «Беларусь партызанская». Вось толькі зручнасьць для раварыстаў, выглядае, апошняе, пра што думаюць малявальшчыкі сталічных веладарожак, калі думаюць пра гэта ўвогуле. Фактаў, якія б гэта пацьвердзілі, пакуль выявіць не ўдалося.



Застаецца таксама незразумелым, што пры такім падыходзе стрымлівае гарадзкое начальства ад разьліноўваньня напалам усіх ходнікаў, дарожак, двароў, паркаў ды лясных масіваў сталіцы. Глядзіш — і трапілі б у дваццатку самых роварных краін.

Jul 17, 2008

У Менску зьявілася дрэвадарожка



Чарговы шэдэўр менскага веладарожнага будаўніцтва першым агледзеў alex_radko.

Агляд рабіўся днём, таму засталося пакуль нявысьветленым, мо гэта флікернае дрэва й, як мае быць, сьвеціцца ўначы?

Дзякуючы неўтаймоўнай фантазіі ды дальнабачнасьці дзяржрупліўцаў сталічнай велаінфраструктуры зараджаецца невялічкі рэйтынг самых неверагодных веладарожак у Менску. Зрэшты, хто ведае, мо ўжо пара й спэцыялістаў з кнігі рэкордаў Гінэса выклікаць…

Падзівіцца на двухпралётную веладарожку па дарозе на Заслаўе.

Пэцканьне ходнікаў недадарожкамі працягваецца бязь зьменаў

У Менску пасьля гадавога перапынку на ходніках зноў пачалі зьяўляцца белыя палосы. Калі летась яны сымбалізавалі надзею на зьяўленьне (нарэшце!) ў сталіцы веладарожак, то сёлета яны ўсе сёлетнія спадзевы закрэсьлілі.

Нягледзячы на высілкі раварыстаў ды на чыноўніцкія камплімэнты на іх адрас у прэсе, у чыноўніцкіх справах, а ня словах, нічога ня зрушылася ні на цалю.

«Велапалосы» на ходніках ўздоўж Партызанскага праспэкту ды Жукава зробленыя па той самай тэхналёгіі, што і папярэднія: цяп-ляп і гатова. Хаця, нават бязь «цяп» — проста «ляп» і гатова. Зноў высокія бардзюры, зноў абрывы перад скрыжаваньнямі, зноў зьнікуды ўніадкуль, зноў пагарджаньне ня толькі патрэбамі карыстальнікаў, але й афіцыйнымі нарматывамі.

Jul 11, 2008

Велападарожжа швэда з Скандынавіі ў Турцыю абарвалася ў Маладэчне


У Маладачанскі РАУС па дапамогу зьвярнуўся 24‑гадовы грамадзянін Швэцыі. Ён вырашыў пракаціцца ў адзіночку на ровары з Скандынавіі ў Турцыю, выбраў маршрут церазь Беларусь і напярэдадні вечарам прыехаў у Маладэчна.

Велатурыст паставіў ровар ля гасьцініцы і з думкай, што ў такім людным месцы нічога ягонай маёмасьці не пагражае, пайшоў уладкоўвацца на начлег. Калі хвілін празь дзесяць ён выйшаў на ганак, то зь зьдзіленьнем пабачыў, што ад ровара ні пылу ні сьледу. Разам зь ім зьніклі намёт, спальны мех, заплечнік, інструмэнты, адзеньне, аптэчка, запчасткі й правізія на суму 1.375 эўраў. У міліцыю пацярпелы адразу не пайшоў, бо думаў, што хтосьці проста ўзяў ровар пакатацца. Ён зьвярнуўся да адміністратара гасьцініцы з пытаньнем, што магло здарыцца, аднак моўны бар’ер ня даў ім паразумецца. Таму на парозе РУУС даверлівы швэд зьявіўся толькі наступнай раніцай.

«Адразу ж былі зарыентаваныя ўсе нарады, — сказаў начальнік аддзелу дазнаньня папярэдняга расьсьледаваньня РУУС Андрэй Лось. — Але, як самі разумееце, каштоўны час быў страчаны, таму ровар пакуль знайсьці не ўдалося. Цяпер усчатая крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж».


Сам жа пацярпелы сказаў, што за 14 гадоў у яго ў Швэцыі скрадалі ровар ужо 6 разоў. Хаця пошукі прапажы ў Маладэчне й не далі хуткага выніку, госьць застаўся задаволены ўвагай і апэратыўнасьцю рэагаваньня мясцовай міліцыі. У Стакгольм ён вернецца на самалёце.

Паводле: Аляксей Цітоў, «СБ-Беларусь Сегодня» via nn.by