Aug 15, 2008

Велаходнік на Магістральнай, Машынабудаўнікоў, Крупскай

Знайсьці дарогу безь велапаласы становіцца ўсё складаней, а хочацца ўсё больш. Тым больш што тэхналёгіі раварызацыі ходнікаў становяцца ўсё больш прасунутымі.

На Магістральнай, Машынабудаўнікоў і Крупскай зьявіліся новыя недадарожкі — бяз фарбы й без паловы знакаў — можа, пакуль. З бардзюрамі ў траціну 28-цалёвага кола ды пераскокваньнем на розныя бакі дарогі цераз 6+1 палос ды тры сьветлафоры — пэўна, назаўжды.

Гэткая раварызацыя пагражае скончыцца скутэрызацыяй: па бардзюрах скакаць ня трэба, на пешаходных сьветлафорах па два разы на адным скрыжаваньні стаяць ня трэба, па бугрыстым асфальце трэсьціся ня трэба, у рамонтніцую камізэльку ўлазіць ня трэба, правы атрымліваць ня трэба, пэдалі круціць ня трэба. Едзеш сабе па ўкатаным асфальце, па любой вуліцы, хоць самым праспэктным праспэкце!

Так што, спадар Паўлаў, не чакайце, пакуль абвеладарожаць ходнікі з Цэнтральнага раёну ў Завадзкі — купляйце скутэр. На ровары, думаю, вам ня дужа спадабаецца.

















Aug 13, 2008

Чужы для ўсіх

Карэспандэнтка «МК» пракацілася раніцай па цэнтры гораду на «байку» й зразумела, што ў Менску раварыстаў ня любяць ані кіроўцы, ані пешаходы.
— Бардзюры ў горадзе высокія — прытармажвай перад імі. На дарогу старайся не выяжджаць — могуць зьбіць. І ўвогуле — будзь уважлівая й асьцярожная, — папярэджваў сусед Андрэй, у якога я ўзяла ровар для экспэрымэнту.
— Зразумела, рызыкаваць ня буду, — супакоіла суседа.
Толькі наступным ранкам уцяміла, што абяцаньне было неразважлівым. Цяпер я ведаю: менскія раварысты дужа рызыкуюць. Кожны дзень.

Маршрут для экспэрымэнтальнага ваяжу выбрала кароткі й немудрагелісты — круг ад вуліцы Заслаўскай цераз праспэкт Пераможцаў, вуліцы Няміга й Гарадзкі Вал на тую ж Заслаўскю. Была думка прыехаць з дому на ровары ў рэдакцыю, але зрабіць гэта ня даў здаровы сэнс. Па‑першае, адлегласьць немалая. Па‑другое, на «байку» па гарадзкіх вуліцах я ніколі не каталася. І самае галоўнае — пакінуць ровар на час працы не было дзе. Каля рэдакцыі, зрэшты, як і каля пераважнай большасьці менскіх будынкаў, веластаянка не прадугледжаная.

Раніцою чым раней сядаю на двухколавага прыгажуна й тут жа сутыкаюся зь першай праблемай — выехаць з двара, забітага аўто, неверагодна цяжка. Сьпярша лявірую між прыпаркаванымі машынамі, пасьля чакаю, пакуль нэрвовыя кіроўцы разьмінуцца адзін з адным на дарозе шырынёй мэтры ў тры. Нарэшце, выяжджаю на дарогу й кручу понажы ўжо плячо ў плячо зь легкавікамі. Страшна. Хоць я і дысцыплінаваная раварыстка — еду амаль ля самага бардзюру — трывога не сыходзіць: а раптам падрэжуць ці яшчэ горш — зачэпяць. Але аўтамабілісты паводзяцца карэктна. Толькі аўтобус, наблізіўшыся да прыпынку, паквапіўся на мае паўмэтра ад бардзюру.

Даволі шчасьліва я даехала да сьвятлафота, што стаіць на скрыжаваньні вуліц Заслаўская і Мельнікайтэ. Там давялося прытармазіць — загарэлася чырвонае. Проста за сьпіной пачуўся віскат тармазоў. Я азірнулася. Таксоўка спынілася ў мэтры ад ровара. Кіроўца недвухсэнсоўна даў зразумець, што мне на дарозе ня радыя — пакруціў пальцам ля скроні. Ехаць цераз скрыжаваньне разам з машынамі я болей не рызыкнула. .Збочыла да падземнага пераходу на праспэкце Пераможцаў і правяла свайго жалезнага каня пад зямлёй да гасьцініцы «Юбілейная».

«Няма мне месца сярод машын», — з крыўдай падумала я. Вырашана — па праспэкце паеду сярод людзей, па пешаходных дарожках. Але і тут са сваім роварам не прыжылася. Мінакі шарахаліся ад «байка», нібыта ён — танк і здольны раздушыць любога. А на прыпынку ля ГД «На Нямізе» кабета прабурчэла наўздагон: «Знайшла дзе езьдзіць, карова»…

Ля аптэкі на вуліцы Гарадзкі Вал я ўпершыню ўзгадала людзей, якія праектавалі менскія дарогі, добрым словам. Яны здагадаліся зрабіць зручныя для раварыстаў нізкія бардзюры з спускам (ці пад’ёмам?). Ніколі раней не заўважала, што ў сталіцы такія высокія бардзюры — каб зьехаць зь іх, трэба нямала папрацаваць. Адзін няправільны рух — і з‑за сутыкненьня з гэтай каменнай перашкодай можна вельмі проста зваліцца. Напрыклад, на дарогу. Ня соладка прыходзіцца раварыстам і ў тым выпадку, калі іхняя дарога ідзе па «пукатым паліцэйскім». Праяжджаеш па ім і адчуваеш, што практычна ідзеш на ўзьлёт…

Дарэчы, падчас майго падарожжа выявілася й яшчэ адна праблема — далёка ад ровара адысьціся не атрымлівалася. Напрыклад, я так і не змагла купіць у краме бутэльку мінэральнай вады. Прыпаркаваць «байк» у цэнтры гораду не знайшлося дзе. Ніводнай веластаянкі. Усярэдзіну крамы з двухколым мяне не пусьцілі, а пакінуць яго на вуліцы я не адважылася — усё ж абяцала суседу не рызыкаваць. А безгаспадарны ровар зь вялікай доляй верагоднасьці камусь ды ўпадабаўся б.

Рэшта шляху — з Гарадзкога Валу да Заслаўскай прайшла без асаблівых складанасьцяў. Я ўжо зразумела: калі хачу ехаць побач з аўтаўладальнікамі, трэба прыняць іх правілы гульні — пастарацца быць незаўважнай. Калі вырашаю далучыцца да пешаходаў, мушу гуляць, увогуле, па тых самых правілах — стацца па магчымасьці нябачнай, пажадана — ісьці побач з роварам. Пра тое, каб не адчуваць сябе чужаніцай хаця б у адной з гэтых «супольнасьцяў», ня можа быць і гаворкі. Магчыма, зь зьяўленьнем веладарожкі ўсё зьменіцца. Зьявіцца «двухколавая супольнасьць», у якой людзям на «байках», несумненна, будуць радыя. Чакаць засталося няшмат.

Алена Клімковіч, «Мінскі кур’ер»

Aug 12, 2008

Спэцматэрыял для спэцдарожкі

На мінулым тыдні «Менскі кур’ер» напісаў вялікі матэрыял пра мэгавеладарожку ўздоўж Сьвіслачы. Апроч не аднойчы паўтораных зьвестак, ёсьць у выданьні й новыя цікавосткі.

Напрыклад, што вуліцу Купалы трэба будзе пераходзіць па мосьце, што веладарожка будзе асьвятляцца да 23-й гадзіны, што побач зь пешаходнымі мастамі церазь Сьвіслач будуць будаваць роварныя. Ну і, самае цікавае, што значок ровара на ходніку для некаторых можа стаць  апошнім штуршком у раварызацыі насельніцтва. =)

У Менску будуецца ўнікальная веладарожка працягласьцю 27 кілямэтраў

Пакуль сталічным раварыстам даводзіцца круціць понажы з рызыкай для жыцьця: аўтаўладальнікі ні за што ня хочуць прызнаваць іх паўнацэннымі ўдзельнікамі дарожнага руху, а бардзюры ў горадзе такія высокія, што пры праезьдзе па кожным зь аж душа заходзіцца. Аднак неўзабаве ўсё зьменіцца — у Менску кіпіць праца па будаўніцтуе веладарожкі, якая пройдзе цераз увесь горад.

Карэспандэнты «МК» высьветлілі, якой будзе спэцтраса для людзей на «байках».
Усе — на ровар!
Пакуль веладарожка будуецца, й па ёй гуляюць пешаходы. Калі Менску штось і варта пераймаць у сталіц старой Эўропы, дык гэта любоў да велапрагулак. Да апошняга часу сталічныя аматары «байкаў» наракалі, маўляў, езьдзіць нам няма дзе — веладарожак у Менску няма. Хутка ўсё пераменіцца! Карэспандэнт «МК» пабываў у месцах, дзе зьявіцца велатраса.
Ад «Дынама» да Першамайскай
Дарожка адна, але доўгая. Для раварыстаў яна адчыніцца праз год, а пакуль тут завіхаюцца плітачнікі й майстры па ўкладцы спэцыяльнага асфальту.

Свой шлях я пачаў ля стадыёну «Дынама», дзе працавала брыгада будаўнікоў, і прагуляўся да парку імя Горкага ўздоўж пакручастай ракі Сьвіслач.
— Мы скончылі будаўніцтва ўчастку веладарожкі на вуліцы Пуліхава, а цяпер укладваем плітку ля Аранскай. Некаторыя часткі трасы пакуль не чапалі: дзесьці грунт трэба ўмацоўваць, дзесьці пашыраць набярэжную Сьвіслачы, — расказаў Андрэй Капусьцін, майстра ААТ «Будмост».
Ад стадыёну «Дынама» Сьвіслач віляе ў бок парку Горкага, агінаючы канцэртную залю «Менск» і яшчэ некаторыя будынкі. Абрысы трасы бачныя практычна паўсюль. Адзін з участкаў пралягае проста ля станцыі мэтро «Першамайская». Дарэчы, ад стадыёну да парку пешаходная плітка ўжо выкладзеная, а вось асфальт для раварыстаў пакуль не зьявіўся.
Арабінавы рай
Менавіта так можна назваць ужо дабудаваны ўчастак дарогі ад парку Горкага (там, дзе хакейны стадыён «Менск-Юнацтва») да месца, дзе Сьвіслач рэзка сыходзіць управа да стадыёну «Дынама», ля чыгуначнай станцыі «Менск-Усходні». Уздоўж набярэжнай расьце мноства арабін, ад чаго ў трасы яскравы, агністы выгляд. Тут ужо нанесеная разьметка, створаныя аглядныя пляцоўкі, а ўздоўж участку цягнецца чарада ліхтароў. Тут я і сустрэў першаадкрывальніка — раварыста Анатоля.
— Ідэя цудоўная, траса вельмі зручная. Едзеш на ровары й адчуваеш лучнасьць з сваім горадам, — падзяліўся ён уражаньнямі. — Шкада, што пакуль асфальт паклалі толькі на невялічкім участку веладарожкі. Часам даводізцца пераносіць ровар церазь пешаходны пераход, а некаторыя месцы аб’яжджаць.
Празь некалькі гадоў раварысты цалкам змогуць пацясьніць на менскіх вуліцах аўтамабілі — многія аўтааматары перасядуць на двухколавы транспарт. Паветра стане чысьцейшым, а менчукі — здаравейшымі. І ніякіх затораў на дарогах. Вось гэта ўжо па-эўрапейску!

Уладзімер Ждановіч, «МК»

Па дарожках ці па дарогах?

Менчукі выказваюць сваю думку й кажуць «пра роварныя праблемы».

Марынга, дызайнэрка, 25 гадоў:
— Я жыву ў Чыжоўцы. Нядаўна ўздоўж усёй вуліцы Ўбарэвіча нанесьлі разьметку — дарожку для пешаходаў і дарожку для раварыстаў. Раней толькі думала пра тое, што можна было б на працу на ровары езьдзіць. А цяпер дакладна вырашыла, ровар ужо зьбіраюся купляць — езьдзіць жа зручна будзе.
Аляксандар, перакладчык, 27 гадоў, раварыст са стажам:
— На ровары ежджу ўжо другі год. Усё мінулае лета на працу — толькі на «байку»: нашмат прыемней, чым піхацца ў задушлівым транспарце. А на аўтамабілі ў заторах часта стаяць даводзіцца.Ёсьць, праўда, і праблемы. І галоўнае нават ня ў тым, што ў горадзе мала спэцыяльных дарожак, хоць і гэта немалаважна. Самая, на мой погляд, вялікая праблема — у саміх людзях: і кіроўцы, і раварысты, і пешаходы часта паводзяцца на дарозе некарэктна. Год таму, напрыклад, езьдзіць па праезнай частцы на ровары было ня гэтак страшна. А цяпер паток машын стаў большым, цісьнешся да краю, а аўтамабілі на поўнай хуткасьці міма праяжджаюць, які-небудзь МАЗ праедзе — дык і за жыцьцё страшна становіцца… Самі раварысты часта ігнаруюць правілы бясьпекі, у цёмны час сутак ня ўсе абазначаюць жалезных коней ліхтарамі й сьвятлаадбівальнікамі. І яшчэ адзін момант: з экіпіроўкай для раварыстаў у нас пакуль ня дужа добра. Шлемы, пальчаткі, налакотнікі прадаюцца дзе-нідзе, але выбар усё роўна, я лічу, недастатковы. А гэта ж таксама элемэнт бясьпекі.
Уладзімер, кіроўца тралейбуса, 45 гадоў:
— У мяне прадузятае стаўленьне да раварыстаў: многія зь іх папросту ня ведаюць Правілаў дарожнага руху. Вось нядаўна адзін такі парушальнік ехаў проста перад тралейбусам, увесь паток транспарту затрымліваў. Мала таго што ён рухаўся пасярод праезнай часткі, дык побач з дарогай яшчэ і ходнік быў, па якім ён і мусіў быў ехаць
(згодна з ПДР па праезнай частцы рух раварыстаў дазволены толькі пры адсутнасьці роварнай дарожкі, узбочыны й ходніка, па праезнай частцы трэба ехаць не далей за 1 мэтар ад яе правага краю. — Заўвага аўтара)

Мы паедзем, мы памчымся


Сёлета вясной у сталіцы пачалося маштабнае будаўніцтва 27-кілямэтровай веладарожкі, якая пройдзе ўздоўж Сьвіслачы цераз тры раёны — Цэнтральны, Партызанскі, Ленінскі.

Нягледзячы на тое, што будаўніцтва веладарожкі ў самым разгары, асобныя ейныя ўчасткі ўжо пабудаваныя, праектаваньне трасы яшчэ працягваецца. Пра гэта карэспандэнту «МК» расказаў галоўны архітэктар праектаў УП «Менскпраект» Віталь Руцкі.

Шырыня веладарожкі будзе 2,5-3 мэтры. Рух — у двух кірунках. Па суседзтве з раварыстамі будуць прагульвацца пешаходы — для іх таксама прадугледжаная паўтарамэтровая дарожка.
Падарожжа з поўначы на поўдзень
Ацаніць канчатковы вынік праекту й ажыцьцявіць падарожжа з поўначы на поўдзень (альбо ў зваротным кірунку) можна будзе ўжо налета ў верасьні — акурат тады велатрасу й плянуецца здаць у эксплюатацыю. Карэспандэнтка «МК» зрабіла спробны «заезд» — праўда, толькі на мапе й пад кіраўніцтвам Віталя Руцкага.

Такім чынам, адпраўной кропкай стала месца, дзе перасякаецца Сьвіслач і МКАД, ля вадасховішча Дразды. Ад яго пад’яжджаем да праспэкту Пераможцаў, уздоўж якога некаторыя ўчасткі ўжо пабудаваныя. За ўездам у дачны пасёлак Дразды траса паварочвае да ракі й, перасякаючы вуліцу Крупцы, падыходзіць да гарадзкой лыжэролернай трасы. Цераз апошнюю, паводле праекту, будуць пабудаваныя два масты, каб раварысты не перасякаліся з лыжэролерамі. Прамінуўшы футбольныя палі спартовага комплексу на праспэкце Пераможцаў, пад’яжджаем да вуліцы Арлоўскай, у раёне якой плянуецца пабудаваць парк Перамогі. Менавіта па гэтай зоне адпачынку й пройдзе веладарожка, якая, ня выключана, будзе пабудаваная раней, чым сам парк.

Выяжджаем да праспэкту Машэрава, праяжджаем пад мостам па правым беразе Сьвіслачы ў раёне гасьцініцы «Беларусь» і, аб’яжджаючы Палац спорту, набліжаемся да вуліцы Максіма Багдановіча — у раёне комплексу «Журавінка».

Пад’ехаўшы да вуліцы Купалы, давядзецца перайсьці цераз мост. Далей па парку імя Янкі Купалы зноў працягваем шлях на ровары. Па правым беразе ракі пад мостам цераз праспэкт Незалежнасьці трапляем ужо ў парк імя Горкага.
— Тут два пешаходныя масты — ля дамбы й цырку, — камэнтуе Віталь Віталевіч. — На жаль, яны ня змогуць зьмясьціць адначасова пешаходаў з раварыстамі. Таму мы пабудуем дадатковы мост.
Зьехаўшы па ім, уздоўж левага берагу ракі ў парку пад’яжджаем да вуліцы Першамайскай. Набярэжная пад мостам у гэтым месцы вельмі вузкая, таму яе давядзецца пашыраць. А вось наступны ўчастак уздоўж вуліцы Пуліхава ўжо практычна пабудаваны, на дарожку нават разьметка нанесеная. Праўда, пешаходны мост цераз раку давядзецца рэканструяваць, каб на ім маглі зьмясьціцца і пешаходы, і раварысты, не ствараючы адзін адному перашкод.

У раёне вуліцы Леніна ёсьць яшчэ адзін невялікі масток, побач зь якім у пэрспэктыве зьявіцца новы — для раварыстаў. Едучы ўздоўж левага берагу ракі, праяжджаем пад мостам на вуліцы Кастрычніцкай. А далей па набярэжнай едзем міма існага мосту ў раёне вуліцы Беларускай. Тут для раварыстаў таксама зьявіцца новы мост.

Па правым беразе Сьвіслачы, праяжджаючы пад чыгуначным мостам у раёне вуліцы Аранскай, трапляем у раён вуліц Маякоўскага й Індустрыяльнай.
— Мост, які тут ёсьць, мы таксама рэканструюем, — працягвае Віталь Руцкі. — Па ім мы трапляем на востраў, зь якога на левы бераг Сьвіслачы перакінуўся «гарбаты» масток — задужа гарбаты. На яго ня толькі раварысту, але й пешаходу складана ўзьбірацца. Таму мы яго прыбяром і пабудуем новы.
Далей — участак веладарожкі ўздоўж ракі ў раёне вуліцы Індустрыяльнай. Ён ужо практычна гатовы. Затое пад мостам на вуліцы Ванеева, ля тралейбуснага дэпо, ёсьць вельмі неспрыяльны ўчастак — стромы бераг, увесь парослы хмызьняком. Тут, абяцае галоўны архітэктар праекту, будуць умацаваныя берагі ракі й пройдзе веладарожка.

Па беразе ўздоўж мікрараёну Серабранка праяжджаем міма ФАКу з аднайменнай назвай, прамінаем будоўлю стадыёну й набліжаемся да вуліцы Якубава. Тут маршрут крыху адыходзіць ад ракі й пралягае ўздоўж вуліцы Якубава. Пры гэтым справа застаецца Лошыцкі парк. Да ракі вяртаемся церазь лесапаркавую зону, прамінаючы вёску Дворышчы. Ля Чыжоўскага вадасховішча нашае падарожжа падыходзіць да канца.
— Каля гэтага вадасховішча, у якое ўпадае Сьвіслач, веладарожка пакуль закальцоўваецца. Справа ў тым, што неўзабаве Сьвіслач і вадасховішча будуць ачышчацца, — тлумачыць Віталь Руцкі. — Далейшае праектаваньне можа пайсьці па некалькіх варыянтах: альбо веладарожка будзе працягнута ў парк 900-годзьдзя Менску ў Чыжоўку, альбо за кальцавую, альбо ў Лошыцу. Час пакажа.
На працу — зь ветрыкам
Цікаўлюся ў архітэктара праекту, як увогуле ўзьнікла ідэя стварэньня велатрасы.
—Ёсьць добры прыклад лыжэролернай трасы ў раёне праспэкту Пераможцаў, якая вельмі запатрабаваная гараджанамі: яны з задавальненьнем праводзяць тут вольны час. — адказвае Віталь Віталевіч. — Да таго ж у багата якіх гарадах сьвету веладарожкі ўжо даўно будуюць, каб разгрузіць цэнтры ад аўтамабіляў. Дарэчы, менчукі, якія жывуць у раёне Сьвіслачы, змогуць пры ахвоце езьдзіць на ровары нават на працу. З гэтай нагоды ў нас ёсьць пажаданьне да адміністрацый раёнаў: для зручнасьці раварыстаў няблага было б пабудаваць ля знакавых прадпрыемстваў, буйных аб’ектаў, крамаў, школ велапаркоўкі.

Аб’ект, што будуецца, — гэта ня проста велатраса — звычайная заасфальтаваная дарога. На ёй праз пэўныя прамежкі плянуецца абсталяваць спэцыяльныя паркоўкі, а побач — месцы для адпачынку. Там можна будзе ўзяць ровар напракат, пасілкавацца, здаць у рамонт спартовы рыштунак. Дарэчы, дарожку для пешаходаў, якую пабудуюць побач, выкладуць пліткай. У месцах межаваньня пешаходных дарожак апроч разьметкі будуць нанесеныя піктаграмы з выявай ровараў і кірункам руху, каб людзі, якія ўпершыню патрапяць на велатрасу, бачылі, дзе месца для раварыстаў, а дзе — для пешаходаў.

Па веладарожцы можна будзе падарожнічаць як мінімум да 11 гадзін вечара — да гэтага часу ліхтары на ёй ня згаснуць.

Вікторыя Гулько, «Минский курьер»

Aug 11, 2008

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Велапаласа на Гараўца

Папаўненьне ў шэрагах менскіх дрэвадарожак!
















Навучыліся раварысты па бардзюрах скакаць — навучацца і па дрэвах гойсаць!

p.s. Дарэчы, самая кароткая на сёньня велапаласа.





Aug 9, 2008

Яшчэ адна велапаласа на Партызанскім

Ідзе ад падземнага пераходу на Ванеева ўздоўж зялёнай зоны, да канца зялёнай зоны і ня мэтра далей.

Aug 8, 2008

Робы для раварыстаў

Намер чарговага пагаршэньня правілаў дарожнага руху для раварыстаў агучыў 8 жніўня са старонак «СБ-Беларусь Сегодня» міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў:

— Як і плянавалася, сёлета да канца году зьбіраемся ўнесьці зьмены ў ПДР, якія зробяць абавязковай нормай наяўнасьць шлемаў у скутэрыстаў і сьвятлоадбівальных камізелек у раварыстаў.

Самыя сьвядомыя зь іх не пагарджаюць гэтымі сродкамі бясьпекі, астатніх давядзецца прымушаць. І я думаю, яны пасьля скажуць за гэта дзякуй.

Дарэчы, пасьля ўвядзеньня абавязковых ратаўнічых камізэлек для перасоўваньня на маторных лодках знаходзіліся незадаволеныя — маўляў, нязручна. Але цяпер гэтая мера ні ў кога не выклікае нараканьняў…

Aug 5, 2008

Веладарожку ўздоўж Сьвіслачы дабудуюць у 2009‑м

Велатраса працягласьцю 27 кілямэтраў будзе пабудаваная ў Менску да кастрычніка 2009 году.

Як паведаміў карэспандэнту агенцтва «Мінск‑Навіны» галоўны архітэктар праектаў УП «Мінскпраект» Віталь Руцкі, будаўнічыя работы ў самым разгары, праектаваньне трасы працягваецца, а некаторыя ўчасткі ўжо гатовыя.

Яшчэ належыць збудаваць 8 новых мастоў і рэканструяваць некалькі наяўных.

Шырыня веладарожкі будзе 2,5‑3 мэтры. Па суседзтве з трасай прадугледжаная пешаходная зона, якая будзе выкладзеная пліткай. Побач зь велатрасай праз пэўныя прамежкі плянуецца абсталяваць спэцыяльныя паркоўкі, а побач — месцы для адпачынку.

Ня лішне прыгадаць, што летась у кастрычніку намесьнік начальніка ўправы фізычнай культуры, спорту й турызму Менгарвыканкаму Генадзь Ліпскі на прэсавай канфэрэнцыі ў мэрыі, адказваючы на пытаньне карэспандэнта БЕЛТА заявіў, што будаўніцтва роварнай трасы ўздоўж Сьвіслачы будзе завершанае ў 2008 годзе.

Тады сама прагучала й лічба агульнага кошту мэґавеладарожкі: 10 мільёнаў даляраў.

У Піцеры зьявілася веладарожка з парканам


У Санкт-Пецярбургу зьявілася першая, як піша _russkiy, веладарожка. Яна ідзе ўздоўж праспэкту Луначарскага на ўскраіне расейскай паўночнай сталіцы.

У адрозьненьне ад менскіх аналягаў, дарожка двухбаковая, праведезна па праезнай частцы дарогі й адмежаваная ад аўтамабільнай часткі мэталічнай агароджай.

Як бачна з фатаграфій, гэты нятанны экспэрымэнт піцерскіх дарожнікаў разам з раварыстамі ўзяліся «абжываць» і пешыя піцерцы.

Застаецца асьцярожна павіншаваць суседзяў, што іхнія дарожнікі не ўзяліся пераймаць беларускі досьвед, а пайшлі сваім шляхам, які хай і выклікае пытаньні што да эканамічнасьці ды бясьпечнасьці, але, магчыма, стаўка не на пэцканьне чым большай колькасьці ходнікаў дасьць лепшыя вынікі, чым у нас.

Фота з блоґу _russkiy

Веламонарэйка — транспарт будучыні



Каб пакруціць понажы ў абцякальных коканах, падвешаных да «нябеснай дарожкі», у Новую Зэляндыю прылятаюць тысячы людзей. Яны, зрэшты, думаюць, што забаўляюцца. А вось стваральнік незвычайнай сыстэмы перакананы — яны выпрабоўваюць прататып транспарту будучыні.

Над прапрацоўкай дэталяў гэтага праекту вынаходнік Джэфры Барнэт працаваў шэсьць гадоў. Жорсткія колы й сталёвы шлях — спалучэньне, якое мінімізуе супраціўленьне качэньню. Па ідэі, на такой дарозе можна разьвіваць вялікую хуткасьць безь вяілікіх высілкаў.

Самі капсулы маюць невялікую плошчу папярочнага сячэньня, таму выдаткі седака на пераадоленьне аэрадынамічнага супраціўленьня невялікія.

Асаблівых абмежаваньняў на «кіраваньне» Shweeb’ам няма. Галоўнае, каб ваш рост быў большым за 1,4 мэтра.

Сёньня Shweeb уяўляе зь сябе два 200‑мэтровыя падвясныя шляхі. Закальцаваныя, яны бягуць поруч на вышынях ад двух да чатырох мэтраў і часам пераплятаюцца.

Пад гэтымі дарогамі разьмяшчаюцца дзьве празрыстыя капсулы на аднаго пасажыра, ён жа — кіроўца, і ён жа — рухавік.

Калі круціць понажы з усяе моцы, можна разагнацца да 45 км/г.
Веламонарэйка была афіцыйна адкрытая ў лістападзе 2007 году, а сёлета на ёй сталі праводзіць камандныя гонкі: на кожны трэк становяцца адначасова да пяці капсул. Пры гэтым капсулы каманды пасьлядоўна злучаюцца між сабой і ўтвараюць велацягнік. Ён можна разагнацца хутчэй за капсулу‑адзіночку, бо аэрадынамічнае супраціўленьне «паравоза» параўнальнае з супраціўленьнем аднаго вагончыка, а магутнасьць — у пяць разоў большая.
І тут, мяркуе Барнэт, усе могуць пераканацца ў пэрспэктывах праекту. Свой турыстычны атракцыён ён лічыць палігонам для транспартнай сыстэмы будучыні.

Гэта мае быць разгалінаваная сетка монарэек, галіны ад якой праведзены проста ў дамы. Пасьнедаўшы, які‑небудзь бізнэсовец спускаецца на другі паверх, дзе яго чакае свабодны кокан Shweeb’а. Чалавек сядае ў празрыстую кабінку й па стрэлцы ўліваецца ў галоўную артэрыю, якая вядзе, напрыклад, у цэнтар гораду.

Тут цэлыя чароды капсулаў ідуць устыч адна да адной (для зьмякчэньня ўдараў пры стыкоўцы капсулы абсталяваныя амартызатарамі), эканомячы энэргію на супраціўленьне паветра.

Пры набліжэньні да патрэбнай станцыі бізнэсовец прытармажвае й па стрэлцы сыходзіць з асноўнай дарогі ў свой офісны будынак.


Аўтар гэтай сыстэмы транспарту ня кажа, як арганізаваць рух капсул па стрэлках, пераадольваць істотныя перапады вышыняў у горных гарадах, плаціць за коканы; прыстасаваць іх да моцнай сьпёкі ці марозу. Але ідэя заслугоўвае ўвагі, ці ня так?

Ніякіх выхлапаў, шуму, платы за паркоўку, скрыжаваньняў. Плюс — спадарожны фітнэс, а да таго ж высілкаў і нэрваў — куды меней, чым калі ехаць на звычайным ровары па гарадзкіх вуліцах.

Бартнэт адзначае, што такія велакапсулы могуць быць грамадзкімі, а не асабістымі. Любую зь іх, калі яна не патрэбная, можна пакінуць на спэцыяльнай паркоўцы.

Сама монарэйка, кажа яе вынаходнік, робіцца нескладана, каштуе нядорага й займае мінімум месца ў «паветранай прасторы» гораду.
«Сьвет чакае гэтага транспарту», — лічыць Бартнэт.