Nov 13, 2008

У Барані ўвялі роварны аброк

Тамтэйшае кіраўніцтва знайшло арыгінальны спосаб, як зрабіць так, каб у адсунасьці ў горадзе велаінфраструктуры аказаліся вінаватыя самі раварысты.

Стаміўшыся ад зваротаў месьцічаў, для якіх ровар — асноўны сродак транспарту, яны стварылі пазабюджэтны фонд, празь які баранскія раварысты, — няйнакш, вызваленыя ад падаткаў багацеі! — мусяць аплачваць велавыдаткі ўладаў. Для пачатку — праектную дакумэнтацыю.

Старшыня гарадзкога выканкаму Мікалай Лісоўскі адмыслова заявіў, што ані ў Барані, ані ў Воршы мясцовая ўлада не плянуе траціць на велаінфраструктуру бюджэтныя грошы, паведамляе BulletinOnline.org.

Падаецца відавочным, што бюракратычная прыдумка мае ўнівэрсальны характар і далёкія пэрспэктывы. Мала таго, што яе можна ўзяць на ўзбраеньне ў любым з процьмы малых беларускіх гарадоў, але й усю дарожную “дабрачыннасьць” можна заразом прыпыніць. Хай і пешаходы плацяць у фонд ходнікаў, фонд пяску зімой, фонд пешаходных пераходаў, фонд ліхтароў, фонд засыпкі ямінаў, фонд прачысткі сьцёкаў, каб лужыны прасыхалі, фонд прыпынкаў грамадзкага транспарту.

Ды ці мала яшчэ можна чаго прыдумаць, каб з спакойным сумленьнем палец на палец не пакласьці!

Nov 12, 2008

Тэрма беларуская

У продаж сталічных унівэрмагаў паступілі тэрмамайкі берасьцейскай вытворчасьці. На выбар — тры мадэлі, прызначаныя для розных умоў надвор’я. Найтанчэйшая каштуе каля 30 тысяч, найцяплейшая — каля 60-ці.

У склад беларускіх тэрмамаек уваходзіць вялікі працэнт натуральных матэрыялаў.

На цэтліках маек зьмяшчаецца правільная інфармацыя пра тое, што мусіць рабіць тэрмабялізна — выводзіць пот і не даваць чалавеку замёрзнуць. Наколькі якасна спраўляецца беларускае тэрмаадзеньне з гэтымі задачамі, пакуль невядома — пішыце водгукі!

Раней велапрадуктам адзначылася фабрыка Сьвітанак — яна выпусьціла айчынныя велатрусы. Без пампэрса, але ўсяго за ~7 даляраў.