Dec 14, 2008

Першая каляровая веладарожка

На вуліцы Кунцаўшчыне — ад Прытыцкага да Матусевіча — на пачатку і ў канцы пакуль недабудаванай дарожкі пастаўленыя знакі «Рух раварыстаў». Дарожка будзе каляровай — упершыню ў Менску. Яе выкладаюць пліткай стандартнага эўрапейскага «велаколеру» — чырвонага.

Зьезды робяцца з паніжэньнем узроўню, але ці ўдасца будаўнікам дасягнуць безбар’ернага стандарту ў ноль сантымэтраў, стане відаць толькі пасьля асфальтаваньня праезнай часткі.

Яшчэ адна прыемнасьць — дарожка адасобленая ад ходніка і праезнай часткі паласой газону.

Dec 2, 2008

Дзе тая вуліца, дзе гэты дом

«СБ-Беларусь Сегодня» падводзіць вынікі акцыі «Партнэрства дзеля бясьпекі».

У сьціплым кавалку, прысьвечаным веларуху, газэта піша:
«Раварысты склалі цэлы сьпіс вуліц, на якіх трэба замяніць старыя, не адпаведныя новым стандартам тратуарныя бардзюры. Пачатак пакладзены: на дзьвюх вуліцах памылкі выпраўленыя. Апроч таго, улічанае пажаданьне, каб ля кожнага буйнога сацыяльна-бытавога аб’екта, які будуецца, была стаянка для ровараў».
Пытаньняў гэтая зацемка пакідае больш, чым адказаў:
  • Што гэта за дзьве вуліцы з выпраўленымі бардзюрамі?
  • Наколькі буйным мусіць быць сацыяльны аб’ект, каб ля яго зьявілася стаянка?
  • Навошта чакаць сканчэньня будаўніцтва, калі ўжо сёньня можна абсталёўваць веластаянкамі аб’екты, даўно пабудаваныя?