Apr 30, 2009

Велапракат на АЗС

А цяпер добрыя навіны. На праспэкце Пераможцаў на АЗС ля скрыжаваньня з Нарачанскай адкрыўся пракат ровараў.

Пракаціцца даюць на горных Trek’ах. Ёсьць Trek'і для пана і Trek'і для пані — з заніжанай рамай.

Пакуль да выбару толькі два «тарыфныя пляны» — на адну і на тры гадзіны — за 10 і 20 тысяч адпаведна. Ёсьць пляны зрабіць болей тарыфных плянаў і шырэй выбар транспартных сродкаў — апроч ровараў даваць напракат нешта самакатападобнае.

Працуе пракат ад 8-й да 22-й гадзіны.




View Rovarni in a larger map

Велапаласа вакол парку Дружбы народаў

То бо па Арлоўскай, Багдановіча, Кульман, Карастаянавай — гэткі веладарожачны квадрат. Пра гэтую веладарожку расказаў alex_radko, а да справаздачы рукі і колы не даходзілі.

Велапаласа з усімі характэрнымі адмоўнымі прыкметамі менскіх велапалос, толькі высокія бардзюры шчэ вышэйшыя і славутае «зьніадкуды ўніадкуль» даведзенае да ідэалу: веладарожка вядзе сама ў сябе.

Паглядеўшы на ўсё гэта, я дастаў штатыў і прыкруціў яго да багажніка. Каб падскокі на няроўнасьцях, ухіленьні ад сутыкненьняў зь мінакамі і мамкамі з вазкамі, пераадоленьні бардзюраў паказаць хай і ў нерэальным часе, затое ад пачатку да канца.

Для ўзмацненьня трагічнасьці карціны на самым высокім бардзюры фоцік зьвярнула на бок. Без усялякіх спэцэфэктаў і папярэдняй задумы. Проста так выйшла. Глядзець крыва, а ўяві, як ехаць!
   
Праваднік па Менскіх веладарожках

Apr 20, 2009

ДАІ: няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары.

Цікава, што фармулёўка «немагчыма праехаць» даволі ўмоўная. Месцы, дзе па тратуары можна праехаць, а дзе не, вызначаюць самі даішнікі… на вока.

ДАІ: «Такога тэрміна няма. Вызначаецца па меркаванні інспектара. Мне трэба выехаць на месца і сказаць, можна там праехаць або не. Але па-мойму няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары. На іх нават па горах ездзяць».

Еўрапейскае радыё для Беларусі.

Няма дык няма, інспэктару лепей ведаць:

Apr 13, 2009

У Польшчы п’яным раварыстам пагражае турма

П’яныя раварысты ў Польшчы сядзяць у сярэднім каля году ў турме.

Канстытуцыйны суд Польшчы падтрымаў вынесенае на гэтым тыдні рашэньне пра тое, што п’яныя раварысты мусяць быць прыраўнаваныя да кіроўцаў транспарту й адказваць за гэтае парушэньне па ўсёй строгасьці закону.

Цяпер у польскіх турмах знаходзяцца дзьве тысячы чалавек, асуджаных за язду на ровары пад хмелем.

Рашэньне Канстытуцыйнага суду выклікала шырокія дэбаты ў грамадзтве пра тое, ці заслугоўваюць раварысты такога суворага пакараньня.

Паводле прынятага ў 2000 годзе закону, чалавеку, які едзе на ровары ў нецьвярозым стане, пагражае штраф альбо да двух гадоў турмы, у залежнасьці ад ступені ап’яненьня.

Багата якія польскія суды ўжываюць больш лютую кару, і  ў сярэднім парушальнікаў прыгаворваюць да 11,5 месяцаў турмы.

Такім станам рэчаў незадаволеныя як ахоўнікі турмаў, так і некаторыя судзьдзі.

37-гадовы судзьдзя Яраслаў Сілецкі з заходняга раёну Польшчы назваў гэта абсурдам і драконаўскай мерай. Паводле ягоных слоў, такое пакараньне можа прывесьці шмат сем’яў на мяжу жабрацтва.

Ён цьвердзіць, што да раварыстаў нападпітку трэба ставіцца як да п’яных мінакоў, якім у большасьці выпадкаў пагражае штраф, а не вязьніца.

Аднак Канстытуцыйны суд вырашыў, што раварысты выкарыстоўваюць праезную частку й, апроч гэтага, значна небясьпечнейшыя, бо здатныя разьвіваць вялікую хуткасьць. Таму суд аддаў перавагу параўнаньню іх з аўтамабілістамі, паведамляе Бі-бі-сі.


Apr 3, 2009

Цуды мэгавеладарожкі

«Ужо на пачатку ліпеня можна будзе зь ветрыкам пракаціцца па новай веладарожцы працягласьцю каля 26 кілямэтраў», паведамляе «Ва-Банк» 2-га (а ня 1-га) красавіка.

Сэнсацыйная навіна, калі ўлічыць, што яшчэ ў канцы восені была гатовая толькі палоска ад Першамайскай да Андрэеўскай, і пракаціцца зь ветрыкам па ёй ну ніяк не атрымліваецца, дзякуючы сабакаводам, мамам з вазочкамі ды проста адпачывальнікам.

Для іх, піша газэта, мяркуецца зрабіць пешаходную зону паралельна веладарожцы з асьвятленьнем. Чытаючы гэтыя радкі, цяжка ўявіць вузкую палоску, выкладзеную пліткай, устыч да веладарожкі.

А вось новыя масты пад веладарожку церазь Сьвіслач і лыжаролерную трасу ўжо называюцца «велапешаходнымі», так што раварыстам, відаць па ўсім, давядзецца весьці на іх няроўную канкурэнцыю з рыбакамі і рамантыкамі.

Ёсьць навіны і пра пункты пракату ровараў. Іх мае быць чатыры, а ровары там будуць зь Менскага мотавелазаводу.

Таксама з навінаў — памянялі меркаваны маршрут трасы ў парку Горкага.

Веледарожка, піша газэта, — на кантролі старшыні гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, аднак усё ж сумніўна, што гэты кантроль настолькі цудадзейны, каб да ліпеня дарожка была здадзеная.

Зрэшты, калі верыць журналістам, цуд ужо адбыўся: «праца на ўчастку веладарожкі ад вул. Першамайскай да чыгункі ў раёне вуліцы Аранскай ужо завершаная». Што ж, а гэта няцяжка праверыць.

update: праверка паказала, што стан веладарожкі ад Першамайскай да чыгункі, на ўчастку Антонаўская — Чырвонаармейская — Леніна — Кастрычніцкая — Беларуская — чыгунка ня дужа розьніцца ад стану мінулай восені, праца далёкая ад завяршэньня, карыстацца веладарожкай нельга, веламасты не пабудаваныя, мост ля Антонаўскай на рамонце.

Гл. таксама: alex_radko: мега опупея продолжается...