Nov 23, 2009

Веледарожкі патрэбныя, але сьпярша трэба зьлётаць на Марс

Заўважана, што як сканчаецца актыўны веласэзон, СМІ, чамусьці, зьвяртаюцца да велатэмы. Ну, лепш у халады, чым ніколі.

Гэтым разам парадавала віцебская газета «Народнае слова», а дакладней — начальнік аддзелу арганізацыі дарожнага руху ДАІ УУС аблвыканкаму Айвар Жораў:
— Пакуль у Віцебску будаўніцтва роварных дарожак неактуальнае і з эканамічнага пункту гледжаньня немэтазгоднае. Інтэнсіўнага руху раварыстаў у горадзе не назіраецца, а, згодна з будаўнічымі нормамі, веладарожкі прадугледжваюцца пры інтэнсіўнасьці руху больш як 50 раварыстаў у гадзіну. Мы згодныя, што веладарожкі патрэбныя, але сьпярша нам трэба выканаць больш тэрміновую працу: стаіць праблема добраўпарадкаваньня дваравых тэрыторый, забесьпячэньня месцаў для паркоўкі транспарту, пашырэньня праезнай часткі вуліц.
Што да двароў, парковак і іншага добраўпарадкаваньня, то праблема сапраўды стаіць стойма — даўно і трывала. Ды што там двары — «некартэжныя» вуліцы даўно і трывала стаяць у лужынах, ямінах і вечнай гразі. І нарэшце, калі ўжо нават у Віцебску ёсьць праблема з шырынёй праезнай часткі, то гэта званочак чыноўнікам — пацікавіцца, скуль такія праблемы бяруцца і ці дужа дапамагае лішняя паласа дарогі за кошт, скажам, зьнятага адасобленага трамвайнага руху.

Зрэшты, з адказу зразумела, што для раварыстаў у Віцебску не зьбіраюцца рабіць нічога і ніколі.

Ня бачыш веладарожкі? А яна ёсьць

Далей — цікавей. Газэта распавядае пра клопат пра раварыстаў і іх чорную няўдзячнасьць:
«У горадзе ёсьць роварная дарожка па вуліцы Чкалава на ўчастку ад Маскоўскага праспэкту да праспэкту Будаўнікоў. Але раварыстаў на ёй крайне мала».
Газэта, відаць, паверыла даішнаму начальніку на слова, бо калі б журналістка, якая не паленавалася зганяць у Нямеччыну, каб аўтарскі сфоткаць ровар дойчэпошты, праехала пару прыпынкаў да Чкалава, то магла б на свае вочы пераканацца, што 800-мэтровая бугрыстая пункцірна асфальтаваная палоска з абодвух бакоў можа выкарыстоўвацца хіба для нанясеньня калецтваў раварысту ў розных частках цела.

Гэтая палоска перакрытая галінамі дрэваў, перарэзаная сьвяжуткімі бардзюрамі, ніколі ня чышчаная, глуха перагароджаная дэкаратыўнымі агароджамі ў савецкім стылі, ну й нарэшце папросту нідзе не абазначаная якімі-кольвек знакамі, якія б суадносілі яе з раварыстамі. Будзьце пэўныя, я б зафоткаў і адправіў у кам'юніці ruki_iz_zhopi.

Старажылы кажуць, што калісьці знакі тыя стаялі й бардзюраў не было, але асфальт быў такі самы жахлівы і хто езьдзіў — той езьдзіў па праезнай частцы, балазе трафік быў тады вальнейшы і задача пашыраць праезныя часткі не стаяла.

Цяпер там ня «крайне мала», там ноль раварыстаў, я бачыў на Youtube аднаго раварыста, які ўмее езьдзіць па дрэвах ды платах, але, баюся, ён ня зь Віцебску.

Разумна, рацыянальна і ўпустую

— Будаўніцтва веладарожак — задавальненьне дарагое, — працягвае чыноўнік, — бо асфальт, праектная дакумэнтацыя, сама праца каштуюць грошай. У Менску пайшлі іншым шляхам: шырокія ходнікі сталі падзяляць разьметкай. Вельмі разумна і рацыянальна.
Вось дзе парадокс: веладарожка каштуе грошай, і разьметка каштуе грошай. Перарывістая веларазьметка асобных ходнікаў, як паказаў і працягвае паказвае «менскі шлях», не дае роўна ніякага эфэкту. То бо і фарба, і аплачаная праца проста марнуюцца. У чым жа разумнасьць і эфэктыўнасьць?

Вось бы ўсіх у аўташколы

Далей чыноўнік дзеліцца сваім сынкрэтычным уяўленьнем пра дарожны рух:

Правілы дарожнага руху не забараняюць рух раварыстаў па праезнай частцы і ходніках. Трэба толькі быць гранічна ўважлівымі, а ў цёмны час сутак абавязкова надзяваць камізэльку павышанай бачнасьці ці пазначаць сябе адблісковымі элемэнтамі, пераказвае газэта свайго суразмоўцу.
— Аўтамабільная дарога — гэта месца, дзе можна знаходзіцца, маючы пэўнае права, веды, кваліфікацыю. Правы мусяць мець усе, нават раварысты. Тады, я ўпэўнены, мы зможам пазьбегнуць многіх непрыемнасьцяў, — нагаварыў пры канцы Жораў.
Так і ўявіліся школы па ПДР для раварыстаў, а асабліва пешаходаў, якіх да атрыманьня правоў возяць на навучаньне і здабыцьцё кваліфікацыі на спэцтранспарце — бо як жа ты выйдзеш на аўтадарогу, не заслужыўшы права і не аплаціўшы ў касу.

Nov 19, 2009

Ілюстраваны запіс веларазмовы з праграмы «Пятае кола» на радыё «Сталіца»

Сёньня выйшаў з тэлефону ды ў эфір на Радыё «Сталіца» ў праграме «Пятае кола». Радыё файнае, але вяшчае на замшэлых ультракароткіх хвалях. Я званіў у Гандлёвы дом «Гарызонта», дык нават там у мяне перапыталі «А УКХ — гэта ж FM?». Дык вось каб дабро не прападала ды й каб нешта абнавіць на «Белавеле», выкладаю сюды з карцінкамі.



Дзякуй за фоткі хлопцам і дзяўчатам з onliner’а і poehali, як ужо пра іх гаварылі, дык грэх не паказаць.