May 29, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Камароўскі рынак

Чарговая веластаянка, для ўсоўваньня кола, кола ў якую ня ўсоўваецца.
Ну але ля Камароўкі вялікая прыгожая плошча, на якой няма куды прыткнуцца, так што любая жалязяка, прымайстрачаная да зямлі, ужо радасьць.

Я думаю, пасьля «Сталіцы» грэх не рабіць веластаянкі на кожным паркінгу. А такіх на камароўцы цэлых два.





Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Чырваназорная, 18Б

28 траўня паставілі ля офіснага будынку па вуліцы Чырваназорнай, 18Б новую веластаянку. Выклікана гэта тым, што шмат раварыстаў езьдзяць на працу, каля будынку ўвесь час прычэплена каля 5 ровараў.

Натуральна, чапляліся дзе давядзецца. Калі рабілі мэталаканструкцыі, з намі, да жалю, не паразмаўлялі й не даведаліся, чаго мы хочам, рабілі па нейкіх сваіх чарцяжах, ужо гатовых. У выніку маем што маем.

Веластаянку паставілі між двума ўездамі ў гаражы пад казырком. Дождж не залівае, але й з будынку пад казырком ровараў не відаць. Пры жаданьні можна прычапіць як пярэднім колам (рабілі, як заўжды, пад гэта), так і заднім (між месцамі для ўстаноўкі пярэдняга кола).

Несумненным плюсам зьяўляецца тое, што веластаянка ўвесь час праглядаецца вахцёрам, які сочыць за ўездам у гараж. А таксама офісны будынак месьціцца ў двары банку, зь якога ёсьць камэры назіраньня наўпрост на веластаянку.









Агляд зрабіў Morgen


Мае 5 капеек:
Гэтак выглядае стаянка а 23-й гадзіне. Цемра апраметная. А ў несэзон цямнеецца і а 18-й. Ці разгледзяць там што банкаўскія камэры?

Сьвеціць фара майго ровара, вытрымка 15 сэкундаў.

May 17, 2010

Уся праўда пра раварыстаў

Раварыст — значыць Злосны Безадказны Парушальнік. Каб тры словы не гаварыць, прыдумалі адно — раварыст.

Вось сеў раварыст на ровар, паехаў па ходніку. Горад вялікі, пешаходаў шмат, пешаходам некамфортна. Пешаход фыркае, лаецца, абураецца. А ўначы запаліць раварыст фару, дык пешаход скардзіцца, што яму вочы сьлепіць, бо й праўда, цемра на тых ходніках, а ўсе ліхтары на машынную дарогу завернутыя. Едзе і замінае раварыст рухацца спакойна пешаходам па спрадвеку іхным ходніку. А нельга ж па правілах замінаць-та. Спэцыяльна напісана.

Падумае раварыст, паслухаецца пешаходаў, вырашыць, што няма ўжо сілаў пужаць сабой мінакоў, выхаваньне не дазваляе і фізычныя кандыцыі, асабліва надвячоркам, уварочвацца ад п’яных кампаній, сабак з даўгімі павадкамі і малымі без павадкоў, якія радасна спазнаюць сьвет ва ўсіх кірунках, — ну ніякай магчымасьці. Выедзе на дарогу. На 1 м ад краю, як у правілах напісана. Але і тут парушае. Бо не раварысту вырашаць, магчыма яму ці немагчыма, а таварышам аўтамабілістам, у якіх правы і праўда шырэйшая, во хто й бібікне, хто падрэжа, а тады й даішнік спыніць, штраф дасьць, бо лічыць, што па ходніках з бардзюрамі і пешаходамі езьдзіць магчыма, хоць ён на сваёй машыне ні разу не спрабаваў.

А тут раптам аказваецца, што і выезды з двароў аўтамабілісты лічаць дарогай, перад якой раварыст мусіць зьлезьці, пакланіцца да зямлі, і тады ўзяць ровар пад ручку і перакаціць яго нясьпешліва. А выездаў гэтых, калі скрыжаваньні не лічыць, столькі, што пахадзіць раварысту па часе выйдзе ці ня столькі сама, колькі ехаць. І нават калі пачне раварыст злазіць, як пешаход тут як тут: ты мне, кажа, нагой у вуха заехаў, дык яно цяпер брудна-чырвонае і ня чуе, дык зара, кажа, я зь цябе якую аэрадынамічную форму ўтвару, капытастая ты скаціна.

А ёсьць такія, якія сабе шыпаваныя пакрышкі ставяць і езьдзяць пад сьнегам, што зусім парушэньне нечуванае, надругацельства папросту. Такіх трэба асобна за сьнег, асобна за пакрышкі штрафаваць.

Таму раварыст дзе б ні ехаў, усё адно парушае, калі не ідзе. Пешаходам замінае, аўтамабілістаў раздражняе, а шчэ чаго хуткасны рэжым у 20км/г перавысіць. Таму можна любога сярод ночы падымаць з ложку і выпісваць штраф з заробку аж да пэнсіі, бо безадказны чалавек — ведае, што ўсім замінае, а ўсё адно маячыць.