Jul 15, 2010

Да пабачэньня, наш сіненькі мішка

15 ліпеня роварня «Сіні мядзьведзь» з гандёвага цэнтру «Люстэрка», што ў цэнтры сталіцы на Камароўскім рынку, пераяжджае па адрасе свайго сайд-праекту «Велаплянэта» на вуліцу Прытыцкага, 2, корпус 1, што насупраць Кальварыйскіх могілак.

У раёне Камароўкі застаецца толькі адна роварня — «Драґонбайк» у склепе пад «Манежам» на Куйбышава, 69.

Jul 13, 2010

555 веласантымэтраў у дзень

Раённым адміністрацыям цягам тыдня трэба прапрацаваць прапановы па далейшым разьвіцьці велатрасаў у Менску. Такое даручэньне даў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька на апэратыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.

У сярэднім у кожным адміністрацыйным раёне трэба працягнуць сетку веладарожак на пяць кілямэтраў. Тэрмін выкананьня задачы — канец 2012 году. Апроч таго, падчас праектаваньня жылога раёну Шчомысьліца пры будаўніцтве транспартных разьвязак трэба прадугледзець калідоры для руху раварыстаў, адзначыў Мікалай Ладуцька. Ён падкрэсьліў, што велатраса вельмі запатрабаваная ў месьцічаў.

Цяпер яна праходзіць цераз тры раёны гораду — Цэнтральны, Партызанскі і Ленінскі. Ейная працягласьць складае 27 кілямэтраў, паведамляюць «Мінск-навіны».

Няцяжка падлічыць, што тэмпы будаўніцтва велашляхоў па кожным з раёнаў маюць скласьці 555 сантымэтраў у дзень. Калі браць пад увагу, што «сетка веладарожак» у Менску — гэта расфарбаваныя ходнікі, то 900 дзён для малярных працаў, вядома, зашмат. Нават калі гаварыць пра дарожку ўзроўню славутага «велабану», тэрміны ўражваюць.

Пахвальны клопат пра жыхароў няісных яшчэ Шчомысьліцаў. Але вось будуецца разьвязка на Маякоўскага, рыхтуецца ў Чыжоўцы, цягнецца 1-е кальцо. Ці падбаюць пра раварыстаў на гэтых аб’ектах?

Арганізацыя велаінфраструктуры мусіць быць закладзена пры кожным новым будаўніцтве ці рамонце дарожнай сеткі. Тады ня трэба будзе на апэратыўных нарадах абмяркоўваць па адной разьвязцы за раз, а чыноўнікі змогуць заняцца больш карыснай працай, чым прыдумваньне за тыдзень, як бы ім за два з паловай гады накруціць 5 км асфальту па сваім раёне.

Яшчэ ў 2008 годзе ў рамках ініцыятывы «Партнэрства дзеля бясьпекі» на сайце sb.by былі апублікаваныя прапановы раварыстаў, пазітыўна ацэненыя ўдзельнікамі ініцыятывы.

У дапамогу чыноўніку:

Прапановы па веладарожках (PDF)

Прапановы па бардзюрах (PDF)

Jul 12, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. За Вясёлкавым

Перад мостам у дыпгарадок налева, за гародамі Вясёлкавага мікрараёну ідзе асфальтаваная сьцежка. Перад сьцежкай з боку Крупцоў стаіць знак веладарожкі. Але ў ясны сонечны дзень ехаць на ровары, хутчэй за ўсё, давядзецца побач па траве. Дарожка — зручны шлях у тутэйшую зону адпачынку, і на ёй могуць зьмясьціцца тры-чатыры чалавекі з дружнай пешай кампаніі. Акрамя знаку ля прэзыдэнцкай трасы, больш ніякіх прыкметаў прыналежнасьці гэтай дарожкі да ровараў ня выяўлена.

Jul 10, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Велацмок (Dragon-bike:)

Велакрама гэта вам не гастраном які. Таму непрыкручаная колаўторквалка на залік ня цягне, хай сабе і з кандыцыянэрам =).







У мяне U-замок, мне давядзецца паркавацца да гэтых бліскучых парэнчаў на пярэднім пляне.

Jul 9, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Ракасоўскага, 1

«Рублёўскі», колішні «Прыпутнік»  , вырашыў не адставаць ад канкурэнта праз дарогу — «Гіпа» — і паставіў каля ўваходу таксама веластаянку. Серабранка заваёўвае званьне самага веластаяначнага раёну сталіцы. Цікава, у чым сакрэт?



Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Маскоўская, 1

Вось і другая палавінка знайшлася  .





Jul 8, 2010

Правілы не пры чым

Сур’ёзны тэкст пра рух па ПЧ — Vehicular Cyclists - Cycling's Secret Sect.

І вось якія думкі пасьля прачытаньня:

Нашыя правілы не такія і кепскія. Для масавасьці раварызму, для вываду веларуху ў мэйнстрым, такі, каб выбар ровара быў больш зручны ў параўнаньні з выбарам аўто, трэба: ніякіх ПЧ, ніякіх правоў, ніякіх абавязковых шлемаў і камізэлек, ніякай велапрасунутасьці. Мінімальны стартавы набор для ўваходу ў веласупольнасьць. Гэта ўсё закладзена ў нашых наяўных правілах. Капаць трэба ня тут.

Капаць трэба ў справе рэалізацыі закладзенага.

1. Інфраструктура

1.1 Выкананне зноў жа існых, наяўных, гатовых нарматываў. Пакласці бардзюр 20 см вышынёй ці 0 см, як належыць, — каштуе тыя самыя грошы. Выдаткі — 0 р. 0 к. Дарогі з парушэннем нарматываў не павінны прымацца горадам.

1.2. Перасячэньне веладарожкі з дарогай наносіцца побач зь пераходамі. Хай там веладарожкі і няма. Выдаткі — фарба. Разьметка ў правілах ёсьць, але не выкарыстоўваецца. Ад гэтай фобіі трэба пазбаўляцца.

1.3 Ходнікі. Расфарбаваць. Даўно пара расфарбаваць праспэкт, відавочная і капеечная справа. Ямы трэба латаць. Шкло трэба прыбіраць. Не таму, што раварыстам хочацца, проста і так трэба. Без рэвалюцый. Трэба ўжо цяпер і па цяперашніх нормах.

Горад мае права выбраць, што яму выгадней — прывесьці да ладу ходнікі ці адгарадзіць раварыстам велапаласу на ПЧ з забаронай паркоўкі і заезду.

Даць людзям на працы ставіць ровары ў склеп, на стаянку, за вахцёрам, у курылцы ці дзе яшчэ, каб не баяцца. Агромністыя памяшканьні на прадпрыемствах заваленыя лухтой ці проста стаяць пустыя. Офісныя будынкі нічым ня лепшыя. На крайні выпадак можна скінуцца на такі велагараж, як у Зялёным Бары. Капейкі.

Усе нашы беды ўпіраюцца ў тое, што тэарэтычна ўсё як мае быць, толькі робіцца «пусьці — павалюся».

Але па вялікім рахунку правілы тут не пры чым. Кепска толькі, што па ідэалістычных правілах штрафуюць на рэальных дарогах. Але запісаць «наша краіна — савок, езьдзіце, маньякі, хоць пасярод дарогі, усё роўна ніколі для вас нічога нармальнага ня зробяць», — ну хто ж так напіша... ДАІ на ўсе прапановы можа сказаць «у нас ах...енныя правілы, хоць пад музыку сьпявай, а што ходнікі фіговыя, бардзюры высокія, — гэта не праблема ДАІ». Так што ДАІ трэба раскручваць на лібэралізацыю пераезду ПЧ і ўвогуле ліквідацыю сцэнару «раварыст сьпешваецца» — з дапамогай магчымасьцяў існых ПДР.

Астатняе — гэта ўжо іншыя франты. І ў адрозьненьні ад ДАІ, якое спраўна выдае нам штрафы, дасканала выконваючы свае прафэсійныя абавязкі, дарэчы, — там цьма цьмушчая.

Дорага? Велабан — гэта дорага. Каравыя масты — гэта дорага. Рабіць ляніва і няякасна, замест апэратыўна і як след — гэта дорага.

Jul 7, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Мантажнікаў, 2

Ля гіпэрмаркета «Эўраопт» між Малінаўкай і Сухаравам за кальцавой, ля паўночнага ўваходу . Я нават умудрыўся U-замком прычапіцца. Адно што адзіны велабясьпечны шлях з Малінаўкі пад кальцавой перакапалі, паставілі бытоўку і завезьлі сабак.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Пуліхава, 3

Клон веластаянкі ля «Беларусі» ў стылі «дах адарвало» паставілі ля гастраному на Пуліхава, 3 . Колаўторквалка, кола ў якую лепш ня ўсоўваць. Можна паставіць задам, прыхіліць збоку, праявіць фантазію карацей. Велабан — праз дарогу.