Aug 19, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Громава, 20

Унівэрсам «Суседзі» — першая запэленгаваная веластаянка ў Малінаўцы.



Я нават не пасьпеў схадзіць у краму, а пешаходы ўжо незадаволена хмыкалі, што ім трэба абыходзіць мой ровар на аптымальнай траекторыі да сходаў.



Колаўторквалка прыкручаная, але хістаецца.
Дзякуй lazy за наводку.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Напалеона Орды, 6



Стандартная колаўторквалка ля новай «Омы» ў Брылевічах.



Толькі адлегласьць між прутоў такая, што кола не сьцісакаецца, а нават боўтаецца.



U-замком не прычэпішся, ну але дзякуй і за гэта.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Велагараж у Зялёным Бары (2).

У першым велагаражы ўжо не засталося месцаў, вось ля навабуду па Аляксандрава, 16 і зрабілі новы.



Паводле мясцовых жыхароў, арэнда месца платная, 19 тысяч у месяц.



Адно што з выгляду веластойка ў гаражы абы-якая, хапае колы за сьпіцы.



Што да відэакамэраў, дык імі абвешаны ўвесь гэты незвычайны мікрараён.

p.s.: ля 1 пад’езду гэтага ж, 16 дому, стаіць у дадатак звычайная гасьцявая веластаянка.



Мікрараён узорнага велаўтрыманьня.

Aug 11, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Брылеўская, 3

А вось мілай стаянкай на Брылеўскай, 3 карыстацца ня зручна.

Кола павісае на сьпіцах. І далей можна нічога не казаць. Брак, несумяшчальны з выкарыстаньнем па прызначэньні.

Бракаваная стаянка высоўваецца на ходнік, чакае, калі па начы на яе наляціць які незнаёмы зь мясцовасьцю раварыст ці пешаход.



Добра, што побач зь недарэчнай колаўторквалкай знаходзіцца ідэальная для паркаваньня агароджа.
За наводку дзякуй lazyest’у

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Пераможцаў (Машэрава), 17

На Пераможцаў (Машэрава), 17 — чырвона-зялёнае гігінцкае страхоцьце. Тым ня менш, карыстацца можна, і я б нават сказаў зручна.



А што да зьнешняга выгляду — дык каларыт! Інтурысты ж дзеля гэтага сюды і езьдзяць.



Без стаянкі (калі не лічыць «Юбілейнай» гасьцініцы) засталася адна вежа — Пераможцаў, 11 — тая, дзе роварня «Веламанія» і двухпавярховая кнігарня «Сьветач».
За наводку дзякуй Paŭłu.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Пераможцаў (Машэрава), 7

Жоўта-зялёная колаўторквалка арыгінальнай канструкцыі проста на ходніку дарогі прэзыдэнцкага значэньня.


Побач крама, камітэт, казіно і бібліятэка.



Ёсьць камэра, але глядзіць на казіно.

З паловы парковачных месцаў ровар вылазіць на ходнік.

Aug 8, 2010

У раварыстаў забіраюць нават ходнікі

Зь верасьня ўносяцца зьмены ў Правілы дарожнага руху, піша Resurs.by і дае карцінкі фатакопій дакумэнту. З тых фатакопій цяжка нешта разабраць, але ж нас цікавіць адзін пункт — 148.

Дык вось, пад параграфам 1.25 на гэтай выяве чытаем:

у абзацы першым пункту 148 словы «ходніку ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкодаў для бясьпечнага руху пешаходаў» замяніць словамі «краю ходніка з боку праезнай часткі ці краю пешаходнай дарожкі, забясьпечваючы бясьпеку пешаходаў»;

Прасьцей кажучы, ня толькі па праезнай частцы нельга, але і па ходніках не зусім можна. Да рытарычных велапытаньняў дадаецца яшчэ адно вар’яцкае: дзе сканчаецца сіняе мора край ходніка? Няправільны адказ каштуе ад 35 да 105 тысяч, нагадаю.

Велаэнтузіясты, якія наракалі на маўчаньне як рэакцыю на свае ініцыятывы і pdf-файлы, атрымалі красамоўны адказ. Красамоўней можна толькі матам.