Dec 27, 2010

Цуды на Каляды

Дакладней, магічныя зьнікненьні.

3 месца. Зьнік велабан. Летам быў, а цяпер няма. Цуд так сабе, бо ўжо другі год тое самае.

2 месца. Зьнікла веластаянка ля ўнівэрсама Сьвіслач. І сапраўды, калі разважыць — і велабан побач зьнік, і раварыстаў тэарэтычна быць не павінна. Навошта стаяць ёй іржавець? Можа, таваравед пад стол засунула для лепшай захаванасьці казённай маёмасьці. Што да практыкі — дык ля «Гіпа» ля веластаянкі сьнег веласьляды не пасьпявае зацярушваць.

1 месца. На 2-м Роварным завулку зьніклі высокія бардзюры. Не пад сьнегам зьніклі, а самі. Бардзюры ў нас кшталту фэтышаў: ходнік можа быць замеценым, затое бардзюры — вычышчаны, як медзякі. Дык вось тыя бардзюры — здрабнелыя зусім, трэба будзе вясной праваднік па гэтай велапаласе перапісваць. Калі фарба не сатрэцца ўшчэнт ды знакі не адваляцца.

Dec 16, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Мотавела

Партызанскі праспэкт, 8.

Новая мадыфікацыя тутэйшых трохкутных фантазій. Першы раз я гэтую канструкцыю бачыў яшчэ летам ля нейкай адзежнай крамы, дык падумаў, што гэта якая прыстасовіна для гандлю гарнітурамі, кашулямі ці іншай апранахай.

З пачуцьцём ніякаватасьці паспрабаваў прыладзіць ровар у гэтую вешалку. Той залез нехвотна, пачапляўшыся вілкай.

Хоць, можа, я яго няправільна ставіў. Можа, яго таксама трэба таго… дагары нагамі?