Aug 15, 2012

Велавільня. Падарожныя нататкі

Бардзюры


Нацыянальны літоўскі пераходны бардзюр — гэта бардзюр, укапаны пад вуглом 45°. Укапаны акуратна, але ад гэтага 45° не становяцца чымсьці зручным для заезду — я ўсяляк спрабаваў. Не цураюцца віленчукі і бардзюраў у поўны рост. Вось узьбіраешся па Лепкальнаўскай вуліцы на найвышэйшую кропку Вільні, гару Лайміса, дзе ростань зь Менскай шашой, потам умываешся — і табе бардзюры, як trisdešimt trys богатыря, усе як на заказ.

Аўтамабілісты


Імклівыя. Хутка стартуюць, хутка тармозяць. Калі каціцца па пераходзе з турыстычнай слабінкай у вачах — не прапусьцяць, абсыгналяць і абдадуць выхлапам. Гэтак можна здагадацца, што і па літоўскіх правілах пераходы, нават рэгуляваныя, трэба пераходзіць з роварам пад ручку.

Важны момант — як правіла, ім направа на скрыжаваньнях можна заўжды — нават пад любое адценьне чырвонага. Раварыста збоку на прастастаўнай вуліцы, што ляціць на зялёны, прапусьцяць. Як правіла. Не заўжды.

Вільня — аўтацэнтрычны горад. Тое, што для раварыстаў там робіцца шмат, не адмяняе таго, што робіцца гэта па рэштавым прынцыпе.


Зусім сьвежая дарога на скрыжаваньні Вількамірскай (Ukmergės) і Железнага Ваўка (Geležinio Vilko). Раварыстам, што едуць з боку «Акропаліса», прапануюцца сходы і парослая крапівой сьцяжына пад мостам

Узбочыны


Звычайна адсутныя. Нечакана. Едзеш па дарозе, дзе двум аўтосам разьехацца, а няма куды збочыць. Зусім. Ці палатно дарогі ніжэйшае за ўзбочыну. Суцэльны пераляк. Прадавец у роварнай краме з сумам сказаў: «Гэта такі эўрапейскі стандарт. Праўда, па стандарце яшчэ і веладарожка павінна быць».

Нерэгуляваныя велапераезды


Absoliutus egzotiškas. Едзеш ты едзеш, а тут веладарожка безь нічога ніякага — кулець на той бок. А машыны ніхто не адмяняў і прапускаць цябе з дабрамеру ніхто не абавязваў. Вось і стаіш, адзінокі раварыст спаміж тлумнага места, і чакаеш, калі табе выпадзе шанец перабрацца на той бераг.


Ходнікі


Звычана выкладзены нацыянальнай літоўскай квадратнай буйнакалібэрнай пліткай. Але месцамі плітка парасьцярушаная настолькі, што раварысты пратарнавалі раўналежна ходніку роварныя сьцежачкі ў траве.


Веладарожка на вуліцы Шымулёніса. Нерэгуляваны велапераезд — 0:43, нацыянальная літоўская плітка — 1:41

Дарэчы, тэарэтычна раварыстам па ходніках езьдзіць няможна, але амаль усе яны там.

Багата велапалос. Віленчукі ходзяць па велапалосах, як беларусы.


Велапаласа на вуліцы Нарбута

Бывае, што ўздоўж дарогі ходніка няма, а сама дарога такая, што толькі самы адчайны раварыст на яе сунецца. Дарог такіх у Вільні стае. Гэта так званыя магістралі няспыннага руху, пра якія так мройліва пішуць у нас.


Oslo gatvė


Няма нічога страшнейшага за магістралі няспыннага руху.

Гэтая пошасьць раздрабляе места, як рака. Каб бясьпечна трапіць з адной віленскай выспы на другую на ровары, трэба ведаць месцы. Балазе, віленчукі выдалі адмысловую роварную мапу.

Роварная мапа


Неабазнанаму турысту можа падацца, што віленская роварная мапа — гэта праваднік па веладарожках. Не, гэта дапаможнік па выжываньні. Што хрысьціянам крыжовы пакутны шлях — тое віленскаму раварысту роварная дарожка, хоць там і не заўжды дасі рады праехаць.


Гэтая брукаваная гара, частка 7-кілямэтровага Крыжовага шляху,  пазначана як велапуцявіна. 
Бо лепшага выбару і праўда няма.


Бяз роварнай мапы ў Вільні з роварам рабіць няма чаго. Усе дарогі вядуць на магістралі няспыннага руху. А веладарожка тым часам можа ісьці праз суседні двор, як на вуліцы Нарбута, але бяз мапы ты ніколі не даведаешся, дзе яна ёсьць і як туды трапіць, не празяваўшы апошні пераход на дарозе.

Неасфальт

 

У Вільні назіраецца перавытворчасьць дробнага белага пясочку. Нават некаторыя асфальтавыя дарогі ім перамецены, што казаць пра тое, што ў нас называлася б гравейкамі. Ехаць па іх на тонкаколым гібрыдзе рашуча немагчыма. Трэба быць гатовым, што і лясныя дарожкі акажуцца непраезнымі пясочніцамі.

Рэгуляваныя пераходы


На ўсіх пераходах з кнопкай, што мне трапляліся, даводзілася чакаць вечнасьць. Час не засякаў, але хвіліны тры дакладна. Таксама вельмі часта зялёны гарыць толькі да сярэдзіны вуліцы, хоць той вуліцы ўсёй 2 на 2 паласы.


Вільня не аказалася велавыраем
 
Але накруціўшы па ёй дзьве сотні кілямэтраў, толькі больш упэўніваешся:

у Вільні бяз ровара рабіць няма чаго.

Бажніцы на Кальварыі, палац у Верках, Крыжовы шлях з больш як трыма дзясяткамі капліц, млын у Замэчку, вуліца Якуба Коласа над Тупуцінішскім сэрпантынам у Павільнюсе, магутная плынь Вяльлі (пляж — ля віленскага «велабану»), хараство мастоў, вадаспадаў і стром у Бяльмонтах, тэлевежа, процьма ўзвышшаў па ўсім горадзе, зь якіх чароўныя краявіды, Зялёныя (напраўду зялёныя!) азёры — і гэта я не кранаў Новага і Старога Места, і гэта я яшчэ не кранаў сучаснай архітэктуры, і гэта я яшчэ не павярнуў у бок Трокаў, а там прыгодаў на дзень сама меней.

Ровар перавозіцца ў цягніках бясплатна, самае зручнае — у плацкарце, чахол шыецца з шчыльнай тканіны за вечар, зьняў кола, павярнуў руль — зэканоміў 30 літаў на дзённым велапракаце. Велапракат, калі што, на Вастрабрамскай, 12.

Трэкі на Everytrail: першы і другі.