Oct 9, 2012

Стаянка ля «Кастрычніка»

Стаянка  нармальная. Але між рэклямнымі шчытамі, лічы што ў сьляпой зоне, ставіць яе было ня варта. Тут і раварыст можа які наскочыць, а калі пакінеш ровар, скажам, на час сэансу, пасярод ходніка, то як тут кіно спакойна глядзець?

Адзіны кінатэатар, куды я не баюся прыяжджаць  на ровары, — «Цэнтральны», бо там пад плошчай Незалежнасьці паркінг з роварнай стаянкай і ахоўнікам.


Колаўторквалка ля «Кірмаша»

На Дзяржынскага, 100 ля ўваходу на «Кірмаш» паставілі распаўсюджаную ў тых мясьцінах мадэль колаўторквалкі. Ніколі б ня ўторкваў кола ў тую мадэль. Калі й паркавацца, то збоку, упоперак ці да парэнчаў ля ўваходу.


Стаянка з кавай

Даволі марнатраўная веластаянка на тры ровары ля Coffee On на Інстытуце культуры. Лепш, чым у «Ньютона», але не параўнаць з «Макдональдсам».
Заканамернасьць такая: калі ля дзьвярэй чагосьці стаіць колаўторквалка, тым больш з проставугольных профіляў, да таго, што за дзьвярыма трэба ставіцца з насьцярогай.
Хоць трэба аддаць належнае крэатыўнай расфарбоўцы і ня горшаму прыкладу колаўторквалкі.
Але, як па мне — разьбірацца ў каве — неверагодны талент. Разабраўшыся ў каве, разабрацца ў веластаянках нашмат прасьцей. Дык чаму ж?..


Страх і вусьціш ля «Сілуэта»

Звараныя абгрызкі арматуры, недарэчныя гарызантальныя перамычкі, шырыня між прутамі — лепшай ілюстрацыі слову «страхоцьце» і не прыдумаеш.
Раварыст, калі й прыпаркуе як-небудзь тут свой ровар, у гандлёвы цэнтар зойдзе з адной думкай: «брак і грошы на вецер».

Веры Харужай, 1а.

Веластаянка ля Макдональдса на Дзяржынскага, 96

Бліскучыя веластаянкі зьявіліся прыканцы лета ля амаль усіх менскіх Макдональдсаў. Выглядаюць яны эталонна. Цяпер калі аўтары сталічных колаўторквалак становяцца ў чаргу на макдрайв (а ніхто не сумняваецца, што аўтары сталічных колаўторквалак не на роварах езьдзяць), у іх зьнікае апэтыт і парушаецца страваваньне.