Jun 30, 2013

Узялі моду

Калі горад ужо задумаўся пра спрыяльную інфраструктуру для пешаходаў і раварыстаў, але пакуль вяла і нясьмела — ёсьць правераны і надзейны шлях: рабіць яе падчас рамонту вуліц. Адслужыў асфальт сваё — прыйшлі, паламалі і зрабілі як сьлед — для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Менскае кіраўніцтва робіць прагрэсіўныя заявы пра раварызацыю сталіцы, але на справе нават ня топчацца на месцы, а здае назад. Што там заікацца пра новыя веладарожкі — апошнімі гадамі ўзялі моду рабіць капітальны рамонт праезнай часткі, не зважаючы на ходнікі, у якім бы стане яны ні былі.

Верагодна, моцныя гаспадарнікі пры ўладзе, думаюць, што ашчаджаюць капейчыну. Насамрэч яны пасылаюць сыгнал двум мільёнам беларусаў: гэй вы, у Менску яшчэ дужа мала аўтамабіляў, купляйце хутчэй і кідайце дзе абы — мы заплюшчым вочы — бачыце ж: аўтобусы перапоўненыя, ходнікі разбураныя, раварысты бяспраўныя. Калі мы й будзем паляпшаць умовы руху па горадзе, то толькі для машын, а ровар можаце прывезьці на выходных на якую пакручастую веладарожку і пагойсаць туды-сюды, калі дзяцінства з галавы ня вылецела.

Вуліца Сьвярдлова. Сьвяжуткі асфальт — машынам. Раварысты едуць па сьцежках у насыпе! (Пераход на той бок Сьвярдлова, дарэчы, — 500 м і 2 падземныя пераходы — чым не красамоўны ўрбаністычны стымул).






Кашмар на вуліцы Сталетава скончыўся толькі для аўтамабілістаў. Бугрыста-выбоістыя ходнікі праслужаць яшчэ сто лят?






Вуліца Сурганава. Элітныя навабуды, Акадэмія навук, батанічны сад і спартовы комплекс... Ну, вы ўжо зразумелі, што горад хоча, каб вы туды ехалі не на ровары. Хай нават стаяць у заторы — але на новым асфальце. На раструшчаным асфальце ходнікаў ці недавынішчанай траве можна і варта ставіць машыны — іх жа так нестае сталіцы.




Радыяльная вуліца. Цераз правалы ў ходніку можна назіраць за цягнікамі. Летась тут міма праяжджаў прэзыдэнт, і самыя вялікія дзіркі насьпех заляпілі, той цяп-ляп, ясная справа, неўзабаве высыпаўся на дахі электрычак. Цяпер ходнік распаўзаецца ў розныя бакі, пакуль для аўтамабілістаў паліруюць навюткі асфальт. Як вынік мудрай эканоміі павялічыўся велатрафік па праезнай частцы.




Гэткая ж гісторыя на вуліцы Філімонава. Па новым асфальце праскочыць яе можна зь ветрыкам на хуткасьці 50. Так, на ровары — не па ходніку, вядома. Зрэшты, гэта яшчэ ходнік яшчэ ці ўжо «ямнік»?



Эталонам чыноўніцкай ашчаднасьці зьяўляецца дрыгва ўздоўж праспэкта Дзяржынскага ад Уманскай да Чыгуначнай. Праезную частку адкрылі яшчэ летась, а раварысты, а пешаходы... «А что там пешеходы...»



Jun 27, 2013

Сьвежавыяўленыя веластаянкі, чэрвень 2013

Радыяльная, 52. Бровар «Крыніца». Колаўторквалка, уторкваць кола ў якую дурных няма. У краму пры заводзе заскочыць — самае тое. А вось для работнікаў варта было зрабіць штосьці побач за плотам на пільнаванай аўтастаянцы.



 
 
Вуліца Калініна, 19. Разьлікова-касавы цэнтар № 3.. Васьмімесцавая колаўторквалка, у якой з адрывам выйграюць парэнчы ля прыступак.


 
 
Праспэкт Ракасоўскага, 3. Прадуктовая крама. Кола, вядома, лепш ня ўторкваць — лепш прыладзіцца збоку. Вышыня дазваляе. Хоць, вядома, брак і грошы на вецер



 
 
Машэрава, 1. Coffeebox


Па выглядзе ды габарытах колаўторквалкі вымалёўваецца вобраз ідэальнага кліента кавярні:


 
 
Вуліца Якуба Коласа, 36. Крама «Падарункі».

Гэта веластаянка ў Менску, каля якой усе фатаграфуюцца. Адпаведны надпіс мусіць зьявіцца неўзабаве. Дарослы ровар у яе катэгарычна ня ўлазіць — і гэта нармальна! Прыгожанька, чырвоненька, рамбавідненька — а тут потныя раварысты з сваімі бруднымі коламі?! Каб раварыстам было зусім сорамна, колавырывалка зроблена так, каб уторкнуты ровар перакрываў пешаходныя траекторыі крыху менш як цалкам.


Jun 26, 2013

Velcom. Каб так смыкам, як языкам

Ну, па-першае, «Вэлком» паставіў ля свайго галоўнага офісу выдатную, адметную веластаянку (заезд на якую ад Палаца рэспублікі, што праўда, заблякаваны шчыльна прыпаркаванымі машынамі).


А яшчэ «Вэлком» абяцае «палепшыць велажыцьцё ў краіне»: зрабіць зручныя велапаркоўкі, правесьці велаэкскурсіі, запусьціць мабільны дастасовак з пазначэньнем парковак і папулярных маршрутаў і г. д. і да т. п.

Ды як паверыш у шчырасьць такіх абяцанак, калі нават ля галоўнага офісу бардзюры далёкія ад нарматыўных zero-сантымэтраў, а машына з жоўта-чорным надпісам пыхліва і бяз дай патрэбы перагароджвае ходнік.

Мо перш чым паляпшаць велажыцьцё ў усёй краіне, варта патрэніравацца на Інтэрнацыянальнай вуліцы?

Jun 25, 2013

Першая велашыбеніца сталіцы

На Машэрава, 10 — хто яшчэ ня ведае — ёсьць адносна маладая велакрама «Спартімпарт». Адна бяда — прычапіць там ровар не было як. Днямі веластаянку ўрэшце змайстравалі і выставілі вонкі.


Штуковіна ўражвае! Проста арт-аб’ект! Але пачынаеш прымервацца — і самы час чухаць патыліцу.

U-замком ровар не прыпнеш. Троса хапае толькі на перакладзіну і адно кола. Вытворца піша, што канструкцыя зьбіраецца без інструмэнтаў — выходзіць, і разьбіраецца таксама? Прыходзь злодзей, складай растапыркі і скалупвай ровары, як шашлыкі?

Гэтак прыгожае разьбіваецца аб рэальнае, а ўзьнёсласьць аб прыземленасьць, а лепей — і ўкапанасьць ды на анкеры закручанасьць.

Jun 15, 2013

Веладарожка ў чыжоўскім парку

У парку 900-годзьдзя Менску за Чыжоўка-арэнай амаль дарабілі новую веладарожку. На ёй прымянілі перадавыя дасягненьні айчыннага веладарожачнага будаўніцтва.

Вуглаватыя агароджы, на якіх любы ахвочы раварыст можа пакінуць у знак удзячнасьці часьцінку сваёй лайкры.

Зайздросную пакручастасьць.


І нават сэрпантын!
Трэба разумець, што толькі немагчымасьць арганізацыі сэрпатынаў на шматлікіх павышэньнях рэльефу нашай сталіцы стрымлівае раварызацыю гарадзкіх вуліц.



Каля арэны веладарожка пакуль перарываецца на гразевыя ванны.
Але потым зноў зьяўляецца і ўздымаецца да вуліцы Галадзеда

Каб прадэманстраваць ноў-хаў, якое стала знакавай традыцыяй айчыннага велдарбуду: пятлю — сымбаль стабільнасьці і вечнага руху наперад


View Менскія веладарожкі in a larger map

За наводку дзякуй Orange_blr.